БЕЛ Ł РУС

«Качанава — адказная». Лукашэнка загадаў пусціць трамвай з Наваполацка ў Полацк

23.10.2026 / 18:05

Nashaniva.com

Аляксандр Лукашэнка падтрымаў прапанову злучыць Полацк і Наваполацк трамвайнымі шляхамі. Ён даручыў пралічыць кошт праекта і вызначыць тэрміны яго рэалізацыі. Пра гэта палітык заявіў 23 кастрычніка падчас наведвання холдынга «Белкамунмаш» у Мінску.

Трамвай у Наваполацку. Здымак ілюстрацыйны. Фота: novopolotsk.gov.by

З ініцыятывай міжгарадскога трамвайнага злучэння выступіла старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава. Паводле яе слоў, трэба працягнуць трамвайныя рэйкі з Наваполацка да Полацка, каб жыхары маглі ездзіць паміж гарадамі, у тым ліку супрацоўнікі прадпрыемства «Нафтан».

Для рэалізацыі праекта спатрэбіцца пракласці яшчэ каля 10 кіламетраў трамвайных рэек.

«Добра, давайце злучаць. Гэта няшмат. Трэба запланаваць гэта і зрабіць, пакуль можна. Але дакладна вызначыць: вось такія тэрміны, вось гэта зрабіць. Качанава — адказная», — заявіў Лукашэнка.

Ён дадаў, што калі праект патрэбны, яго трэба рэалізаваць хутка, а неабходныя сродкі падлічыць.

Таксама Лукашэнка выказаўся за больш шырокае выкарыстанне трамваяў у сістэме грамадскага транспарту Беларусі. Цяпер трамвайнае злучэнне, яшчэ з савецкіх часоў, дзейнічае толькі ў чатырох гарадах краіны: Мінску, Віцебску, Мазыры і Наваполацку. Па словах Лукашэнкі, калі гэты від транспарту мае перспектывы, яго развіццё будуць паступова пашыраць.

Акрамя таго, ён згадаў пра неабходнасць наладзіць хуткае і зручнае транспартнае злучэнне паміж Мінскам і гарадамі-спадарожнікамі. Некаторыя з іх пакуль не маюць чыгуначнай сувязі са сталіцай. Для злучэння такіх населеных пунктаў таксама могуць выкарыстоўвацца трамваі.

Варта адзначыць, што пра патрэбу хуткаснага трамвая з Мінска, напрыклад, у горад-спадарожнік Лагойск гаворка вядзецца ўжо амаль два дзесяцігоддзі, у тым ліку і на ўзроўні Лукашэнкі, але ніякіх практычных вынікаў гэта пакуль ніколі не мела. 

Чытайце таксама:

Развіваць трамвайны рух у Мінску не плануюць

У Наваполацку падоўжаць трамвайную лінію. У перспектыве яна мае дайсці да Полацка

У Наваполацку збіраюцца падоўжыць трамвайную лінію. У Беларусі такога не рабілі ўжо чвэрць стагоддзя

Лукашэнка задумаў пусціць у метро трамваі

Каментары да артыкула