БЕЛ Ł РУС

Францыя прызнала няўдачы ў сваім адказе на гвалт. Цяпер разгортвае войска і рыхтуецца да новых пратэстаў

21.10.2026 / 08:01

Nashaniva.com

Да новых акцый пратэсту 24 кастрычніка французскія ўлады рыхтуюць маштабную аперацыю: прыцягнуць вайскоўцаў і падмацаванне для паліцыі, а таксама перагледзяць тактыку. Урад прызнаў, што падчас беспарадкаў на мінулых выхадных дапусціў правалы ў працы спецслужбаў і разгортванні паліцэйскіх сіл.

Фота: AP Photo / Emma Da Silva

«Разгортванне сіл у наступную суботу будзе маштабным», — заявіў 20 кастрычніка прэм’ер-міністр Францыі Себасцьян Лекарню, паведамляе Reuters.

Паводле яго, першачарговая задача — аднавіць парадак пасля рабаванняў і падпалаў, якія 17 кастрычніка ахапілі Парыж, Марсэль, Ліён і іншыя гарады.

Міністр унутраных спраў Ларан Нуньес расказаў у парламенце, як плануюць выкарыстоўваць войска.

Вайскоўцам перададуць частку задач пастаяннай аховы, каб вызваліць паліцэйскіх і жандараў для падтрымання парадку падчас пратэстаў.

Улады таксама рыхтуюць падмацаванне са спецыяльных падраздзяленняў паліцыі і жандармерыі. Сярод сродкаў, якія могуць задзейнічаць, — бронемашыны, верталёты і вадамёты.

Акрамя таго, Нуньес дапусціў забарону асобных дэманстрацый, у тым ліку зарэгістраваных, калі ўлады палічаць, што яны могуць выйсці з-пад кантролю, паведамляе BFMTV.

Змены рыхтуюць пасля крытыкі за тое, што падчас папярэдняй хвалі беспарадкаў цэнтры гарадоў засталіся недастаткова абароненымі. Лекарню прызнаў праблемы: правалы спецслужбаў, занадта статычнае размяшчэнне паліцэйскіх падраздзяленняў і рашэнне не адмяняць загадзя запланаваныя адпачынкі паліцэйскіх.

Нуньес папрасіў прабачэння за дапушчаныя памылкі.

«Я глыбока шкадую пра тое, што адбылося. Я прымаю сваю долю адказнасці», — сказаў міністр.

У асобных раёнах, якія пацярпелі ад беспарадкаў, ужо ўвялі каменданцкую гадзіну. У некаторых месцах яна датычыцца толькі непаўналетніх. Паводле ўрада, гэтыя абмежаванні дапамаглі супакоіць сітуацыю. Іх прадоўжылі на ноч з 20 на 21 кастрычніка.

Паралельна да пошуку ўдзельнікаў вулічнага гвалту прыцягнулі 200 следчых. Парламент стварае камісію, якая павінна высветліць прычыны беспарадкаў і абставіны рэагавання ўладаў.

Новыя пратэсты на суботу анансаваў Нацыянальны саюз студэнтаў Францыі. Арганізацыя патрабуе змен у сістэме адукацыі, якую лічыць недафінансаванай і недастаткова якаснай.

Асобна да акцый супраць падаражання паліва заклікалі групы, якія называюць сябе «жоўтымі камізэлькамі». Гэты рух узнік у 2018 годзе праз планы павысіць паліўныя падаткі і тады месяцамі блакаваў дарогі, пакуль урад не пайшоў на саступкі.

Чытайце таксама:

Затрыманы галоўны падазраваны ў падпале ратушы Ліможа: гэта левы радыкал

«Шасціпалосная аўтастрада» да прэзідэнцтва. Беспарадкі ў Францыі ўзмацняюць шанцы Лё Пэн на прэзідэнцтва

«Гнеў і сорам». Макрон звярнуўся да нацыі пасля пагромаў

«Заходнія лібералы завезлі трэці свет у Францыю». Вэнс абвінаваціў мігрантаў у беспарадках

«Гэта не глупства, гэта нянавісць». У Францыі пратэстоўцы падпалілі ратушу XIX стагоддзя ВІДЭА

У суботу па ўсёй Францыі пракаціліся масавыя пратэсты

Каментары да артыкула