БЕЛ Ł РУС

Бізнэсмен Варабей запэўніў, што Лукашэнка перадае яму зямлю не задарма

16.10.2026 / 18:29

Nashaniva.com

Беларускі бізнэсмен Мікалай Варабей, якому Лукашэнка 15 кастрычніка прапанаваў перадаць землі ў Верхнядзвінскім раёне, заявіў, што гэта нібыта робіцца не за проста так, піша БелТА.

Мікалай Варабей. Фота: БелТА

Як сцвярджае Варабей, калі дзяржава выдзяляе для бізнэс-праектаў зямлю або іншыя аб’екты, гаворка не павінна ісці пра іх бясплатную перадачу. Ён запэўніў, што гатовы аплаціць усё, што будзе належаць дзяржаве за сельскагаспадарчыя ўгоддзі і прадпрыемствы.

«Я не хацеў бы нешта браць у дзяржавы. Як бізнэсмен лічу, што дзяржаве трэба даваць. І кожны бізнэсмен павінен быць карысным дзяржаве і грамадству. Тады гэта правільны і добры бізнэсмен», — заявіў ён.

Варабей расказаў, што ўжо працяглы час працуе ў Верхнядзвінскім раёне. Спачатку асноўную ўвагу ён надаваў развіццю паляўнічай гаспадаркі. Па яго словах, там удалося стварыць прывабныя ўмовы для палявання і рыбалкі. Цяпер жа ён мае намер і далей развіваць рэгіён.

Сярод новых напрамкаў — сельскагаспадарчы праект «Чырвоны Бор Агра», які спецыялізуецца на развядзенні буйной рагатай жывёлы мясных парод. 15 кастрычніка гэты комплекс наведаў Аляксандр Лукашэнка. Падчас візіту абмяркоўвалі пашырэнне вытворчасці і выдзяленне дадатковых зямель.

Варабей паведаміў, што будаўніцтва аднаго малочнатаварнага комплексу ўжо пачалося, а ўзвядзенне другога плануецца распачаць вясной. Надалей бізнэсмен мае намер развіваць племянную жывёлагадоўлю і працягваць інвеставаць у рэгіён.

Ён таксама заявіў пра гатоўнасць укладваць сродкі не толькі ў вытворчасць, але і ў сацыяльную інфраструктуру. Паводле яго, развіццё прадпрыемстваў павінна ствараць працоўныя месцы, забяспечваць заробкі і паляпшаць умовы жыцця мясцовых жыхароў. У раёне, маўляў, ужо пабудавалі дарогі і месцы для адпачынку, а ў вёсках працуюць кавярні.

Чытайце таксама:

Лукашэнка прапанаваў аддаць частку Верхнядзвінскага раёна бізнэсмену Вараб'ю

Мільянер Варабей атрымаў права на забудову цэнтра Мінска — узамен за дарагую клініку для Лукашэнкі

Апублікаваны новы топ-100 самых паспяховых бізнэсменаў Беларусі

Каментары да артыкула