БЕЛ Ł РУС

«Мы рэкамендуем не хлусіць». Дарадца Ціханоўскай расказаў пра пра поспехі і праблемы з легалізацыяй беларусаў у розных краінах

8.10.2026 / 20:32

Nashaniva.com

У ЗША не паляпшаецца сітуацыя з міграцыйным пераследам беларусаў, у Польшчы ўсё часцей чуваць пра выпадкі адмоў у міжнароднай абароне, але ёсць і краіны, дзе пагаджаюцца на паслабленні ў дачыненні грамадзянаў Беларусі. Пра праблемы, добрыя навіны і пытанні, над якімі вядзецца праца, у праграме тэлеканала «Белсат» «Наш дзень» расказаў дарадца Святланы Ціханоўскай па прававых пытаннях Леанід Марозаў.

Акцыя пратэсту супраць скарачэння аб’ёмаў выдачы міжнароднай абароны беларусам. Варшава, 26 верасня 2026 года. Фота: Рауль Дзюк / Белсат

Міграцыйная сітуацыя ў ЗША

За 8 месяцаў 2026 года ў Штатах затрымалі і змясцілі ў адмысловыя турмы каля 90 беларусаў, якія знаходзіліся ў звычайным міграцыйным працэсе і не парушалі заканадаўства.

Леанід Марозаў звязвае гэта з агульнай хваляй больш жорсткага падыходу ЗША да міграцыйнай палітыкі. Паводле яго, у складаных пытаннях, звязаных з палітычнымі пытаннямі, Офіс Святланы Ціханоўскай падключаецца да дапамогі суграмадзянам, перадае аналітыку па сітуацыі ў Беларусі. Марозаў адзначае, што ў некаторых справах далучаецца асабіста і выступае сведкам на судзе.

Таксама ёсць выпадкі, калі беларусы аказаліся ў міграцыйнай турме за крымінальнае злачынства. Некалькі чалавек ужо дэпартавалі ў Беларусь, ці прынамсі ў іх справах выдалі адпаведныя пастановы. Кожны з такіх выпадкаў прадстаўнікі дэмсілаў разглядаюць асобна, дадае юрыст.

Яшчэ адно пытанне — сітуацыі, калі людзі просяць палітычны прытулак ці міжнародную абарону, а падстаў на гэта не маюць. Такіх выпадкаў мала, адзначае Марозаў, але звычайна заяўнікі намагаюцца «хлусіць на першым этапе, не маючы доказаў ці сведкаў».

«Яны пачынаюць дасылаць дакументы нам і прасіць нешта ў дадатак. Мы, безумоўна, правяраем кожны кейс, наколькі гэта праўда, — расказвае дарадца Ціханоўскай. — Некаторыя беларусы несумленна сябе паводзілі і дасылалі, напрыклад, падробленыя праз АІ дакументы аб арышце ў Беларусі. Былі дакументы пра тое, што чалавек — валанцёр у той ці іншай НДА, праваабарончай арганізацыі, што таксама не з'яўлялася праўдай. Мы, канешне, рэкамендуем не хлусіць».

Беларускія дэмсілы выйшлі на сувязь з «некаторымі буйнымі юрыдычнымі фірмамі» ЗША, каб тыя дапамагалі Pro bono (бясплатна, «дзеля грамадскага дабра»). Паводле Марозава, адна з кампаніяў пагадзілася, цяпер Офіс рыхтуецца перадаць спецыялістам некаторыя выпадкі беларусаў.

«Дальнія» краіны Еўрасаюза

Больш простая, зразумелая і ўжо больш-менш уладкаваная сістэма з легалізацыяй беларусаў — у краінах Еўропы, адзначае Марозаў. Там найбольшыя беларускія дыяспары, знаходзяцца прадстаўнікі дэмсілаў, праваабаронцы, якія могуць дапамагчы, і ёсць больш магчымасцяў знайсці спецыялістаў, гатовых падтрымаць беларусаў і аказаць дапамогу бясплатна.

Літаральна некалькі дзён таму прыйшлі добрыя навіны з Чэхіі — краіна ўхваліла змены, якія дазволяць блізкім сваякам беларусаў, што легальна жывуць у краіне, падавацца на кароткатэрміновыя візы. Марозаў дадае, што Офіс Ціханоўскай працуе таксама над прызнаннем праязных дакументаў у Італіі.

«Мы размаўлялі з італьянскімі адвакатамі, апісвалі сітуацыю. Бо там няма ніякіх праблем атрымаць палітычны прытулак, але яны не зусім разумеюць, як працаваць з людзьмі ў такім «сярэднім статусе» — калі гэта не такі моцны палітычны кейс, але разам з тым людзі не могуць паехаць дамоў і памяняць пашпарт», — кажа Марозаў.

Па словах юрыста, раней такімі дзеяннямі атрымалася дамагчыся прызнання праязных дакументаў Іспаніяй і Швецыяй.

«Калі мы даведаліся, што ў міграцыйных службаў Швецыі вельмі старая інфармацыя па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, мы прывезлі дакументы і расказвалі, што ў нас кучы спраў і іх будзе яшчэ больш. Як вы разумееце, у Польшчы і Літве хутка скончацца гуманітарныя ДНЖ, і такіх людзей стане больш, трэвэлдокаў (праязных дакументаў) таксама стане больш у розных краінах. У гэтым месяцы будуць сустрэчы ў Эстоніі і Фінляндыі», — дадае Марозаў.

Польшча

Разам з тым у Польшчы — краіне, куды пасля 2020 года імігравала найбольш беларусаў, сітуацыя ўскладняецца, людзі працягваюць гадамі чакаць карты побыту, а мясцовыя ўлады адмаўляюцца прыбраць норму, якая дазваляе не прытрымлівацца тэрмінаў разгляду заявы на ДНЖ. Не пагадзіліся польскія службы таксама павялічыць колькасць супрацоўнікаў, якія разглядаюць справы мігрантаў, і рэгулярна публікаваць статыстыку назапашаных заяваў.

Ці ёсць верагоднасць, што беларусаў выдзеляць у асобную катэгорыю і праца для іх паскорыцца? Марозаў адзначае, што працягваюцца кантакты з кіраўніцтвам Упраўлення па справах замежнікаў, але пакуль нашыя грамадзяне застануцца ў агульнай чарзе.

«На жаль, сітуацыя такая, што зараз вялікая колькасць заяваў у польскія органы, і Беларусь стаіць побач з усімі. Яны тэхнічна не могуць [паскорыць час разгляду справаў] і фінансава — павялічыць колькасць супрацоўнікаў: проста няма сродкаў, — працягвае Марозаў. — Але я б не казаў пра ўсю Польшчу. Я ведаю сітуацыю ў Варшаве, Гданьску, Уроцлаве. Але ёсць гарады, умоўна Познань, дзе ўсё ідзе даволі стабільна і я не чуў пра выпадкі, каб людзі чакалі два гады».

Ёсць спадзяванне, што налета беларусы змогуць атрымліваць праязныя дакументы тэрмінам дзеяння на два гады, а не на год, дадаў дарадца Ціханоўскай. Таксама дэмсілы працуюць над тым, каб Польшча дазволіла атрымліваць гэтыя дакументы з пашпартамі, дзе скончыліся вольныя старонкі, што цяпер немагчыма.

«Гэта такое пастаяннае нагадванне праблем беларусаў. Трэба з усіх бакоў, з якіх толькі можна, размаўляць з уладамі Польшчы, казаць, што такая дапамога патрэбная. І мне падаецца, што нас чуюць», — кажа Марозаў.

Беларускі пашпарт і Польскі праязны дакумент. Варшава, 30 траўня 2024 года. Фота: Таццяна Верамеева / «Белсат»

Пры гэтым польскія ўлады бачаць выпадкі, калі беларусы, якія атрымалі міжнародную абарону, перыядычна ездзяць на радзіму. Гэта, паводле суразмоўцы, дрэнна ўплывае на агульную сітуацыю — зараз ідзе хваля адмоваў у наданні такога статусу заяўнікам.

Пры гэтым Марозаў адзначае, што дэмсілы рыхтуюць для міжнародных партнёраў вялікую справаздачу па затрыманні беларусаў пасля вяртання ў краіну. Яе перадаюць міграцыйным службам, расказваючы, колькі асобаў было затрымана, і падкрэсліваючы, што беларусам дагэтуль небяспечна ехаць дамоў.

Чытайце таксама:

«Стрэльба калі і стрэліць, то наўрад ці кулямётнай чаргой». Максім Знак ацаніў рэальнасць пагроз беларускай прапаганды пазбавіць грамадзянства палітэмігрантаў

Кіеў пачаў аддзяляць беларусаў ад Лукашэнкі. Калі гэта зменіць жыццё беларусаў ва Украіне?

«Пытанне справядлівасці». Удава беларускага ваяра змагаецца ва Украіне за выплаты і годнае стаўленне

Палове адмовілі, траціне далі статус бежанца. Сталі вядомыя жнівеньскія вынікі разглядаў заяў беларусаў на міжнародную абарону ў Польшчы

Каментары да артыкула