БЕЛ Ł РУС

У беларускім санаторыі будуюць струнную пасажырскую дарогу: залілі падмурак пад апоры і пачалі збіраць вагоны

1.10.2026 / 20:44

Nashaniva.com

У снежні мінулага года стала вядома, што ў Беларусі пачалі будаваць яшчэ адну струнную пасажырскую дарогу. Месцам рэалізацыі праекта выбралі санаторый «Сосны» Кіраўніцтва справамі Лукашэнкі (ён знаходзіцца ў Мядзельскім раёне на возеры Нарач). Праект прадугледжвае будаўніцтва аднапутнай лініі, якая злучыць жылы корпус з новым спа-комплексам. Траса пройдзе пасярод сасновага лесу, піша Blizko.by.

Струнны транспарт uST — гэта праект грамадскага транспарту, у якім беспілотныя электрамабілі рухаюцца па рэйкава-струннай эстакадзе, усталяванай на апорах над зямлёй.

Кампанія, якая распрацоўвае струнны транспарт, называецца ЗАТ «Струнныя тэхналогіі». Інжынер Анатоль Юніцкі прасоўвае сваю ідэю яшчэ з савецкага часу. На ўскраіне Мар'інай Горкі дзейнічае экатэхнапарк, дзе выпрабоўваюць і дэманструюць транспартна-інфраструктурныя комплексы.

Першая камерцыйная лінія «Юнілайт» працуе на тэрыторыі экапарка «Акварэль». Таксама кампанія прасоўвае свае напрацоўкі ў ААЭ, дзе працуе R&D-цэнтр. У тэорыі вагоны на струннай дарозе могуць дасягаць хуткасцяў у некалькі сотняў кіламетраў за гадзіну. Але на практыцы такія хуткасці яшчэ не дэманстраваліся.

У жніўні кампанія паведаміла, што пачалі ўзводзіць падмуркі пад анкерныя і прамежкавую апоры эстакады. Працэс уключае ў сябе падрыхтоўку асновы, уладкаванне бетоннай падрыхтоўкі, устаноўку арматурных каркасаў і анкерных балтоў пад базы металічных калон.

Асноўная гарызантальная нагрузка перадаецца менавіта на анкерныя апоры. Таму іх падмуркі ўяўляюць сабой масіўныя падземныя жалезабетонныя канструкцыі, якія складаюцца з плітнай і сценавой часткі.

З завода XinGuangZheng у горадзе Ціндао правінцыі Шандун (Кітай) адпраўляюцца ў Беларусь металічныя канструкцыі анкерных і прамежкавай апор. Да прыбыцця іх на будаўнічую пляцоўку ўсе работы нулявога цыкла будуць завершаныя, будаўнікі прыступяць да мантажу сілавой часткі металаканструкцый эстакады.

У ліпені пачаліся работы па зборцы электрычнага вагончыка-беспілотніка, кампанія называе яго словам «юнімабіль». А ўчора кампанія паведаміла, што на заводзе прыступілі да зборкі цягавага і пасажырскага модуляў юнімабіля U5-54220-01.

Цяпер у цягавы модуль мантуецца падвеска, а таксама шэраг сістэм: пнеўматычная, гідраўлічная, ахаладжэння і кандыцыянавання. Напрыклад, у кліматычнай выкарыстоўваюцца чатыры высакавольтныя электрычныя награвальнікі сумарнай магутнасцю да 11 кВт, а ацяпленне можна гнутка падстройваць пад тэмпературу на двары.

Гэты U5— 54220‑01 прызначаны для хуткай і камфортнай дастаўкі адпачывальнікаў з жылога блока санаторыя ў новы вэлнес-цэнтр і назад. У салоне, разлічаным на шэсць сядзячых месцаў, прадугледжаная перавозка інваліда-вазочніка.

Фота: ust.inc

Чытайце таксама:

Лукашэнка прапануе запусціць паміж Мінскам і Дзяржынскам струнны транспарт

Нумарны фонд санаторыяў хочуць павялічыць на цэлую траціну

На таргах прадалі закінуты санаторый пад Ракавам

Пінскі суднабудаўнічы завод упершыню за доўгі час пабудаваў новае судна ВІДЭА

Каментары да артыкула