БЕЛ Ł РУС

Спрэчных канцэртаў у брэсцкім касцёле, відаць, больш не будзе. Іх забараняюць свецкія ўлады

30.09.2026 / 17:24

Nashaniva.com

Паводле інфармацыі, якую атрымалі каталіцкія вернікі Беларусі, улады Брэста вырашылі забараніць далейшае правядзенне канцэртаў Euphoria Night у касцёле Узвышэння Святога Крыжа, піша выданне Katolik.news. Як паведамлялася раней, гэтыя канцэрты выклікалі масавае захапленне, але таксама спрэчкі і супярэчнасці сярод вернікаў.

Паводле атрыманай інфармацыі, канцэрты Euphoria Night у касцёле сталі прадметам абмеркавання на нарадзе, якая прайшла ў канцы верасня з удзелам кіраўніцтва горада, ідэолагаў, аддзела культуры. Па выніках прынялі рашэнне, што гэты праект больш не будзе выступаць у храме.

Як перадалі вернікам, такое рашэнне было прынята ў тым ліку пад уплывам меркавання… мясцовай праваслаўнай епархіі, дзе нібыта не вітаюць правядзенне масавых канцэртаў поп-музыкі ў каталіцкім храме.

Ніякай афіцыйнай інфармацыі на гэты конт пакуль няма. Каталіцкая дыяцэзія і непасрэдна парафія касцёла (фармальна толькі там маглі б і павінны б былі прымаць рашэнні) ніяк не каментавала шоу Euphoria Night у храме, нягледзячы на шырокую дыскусію сярод вернікаў, і цяпер таксама нічога не паведамляе пра магчымую забарону далейшых канцэртаў.

Праект Euphoria Night у сваіх пабліках на гэты момант не анансуе новых выступаў. На пытанне карыстальнікаў пра тое, калі будуць новыя канцэрты, гурт адказаў 29 верасня, што такой інфармацыі пакуль няма.

Чытайце таксама:

У Брэсце касцёл ператварылі ў канцэртную залу. Квіткі раскупляюць за хвіліны, але вернікі не ў захапленні

У Пружанскім касцёле новы арган, які прывезлі з Нідэрландаў. Папярэдні касцельны арган пусцілі на дровы для Дома культуры

У Бярозе збіраюцца ўдыхнуць жыццё ў былы картэзіянскі манастыр

Чатыры гады таму закрылі Чырвоны касцёл

Каментары да артыкула