У Варшаве сустрэлі 10 палітзняволеных, якія прыехалі з Вільні ФОТЫ і ВІДЭА
З Вільні ў Варшаву прыехалі 10 палітвязняў, якія пасля вызвалення вырашылі жыць у Польшчы. Сярод іх — Людміла Чэкіна, Павел Белавус, Яўген Юшкевіч і іншыя, піша «Белсат».
=
Блізкія сустракаюць вызваленых палітвязняў у Варшаве. На здымку — Людміла Чэкіна. 18 верасня 2026 года. Фота: Рауль Дзюк / Белсат
Мікрааўтобусы з групай прыбылі да Цэнтра беларускай салідарнасці ў Варшаве каля 16:00. Сустракаць нядаўна вызваленых людзей сабраліся некалькі дзясяткаў чалавек з кветкамі, бел-чырвона-белым сцягам. Сярод тых, хто прыйшоў да месца прыбыцця, былі палітычны аналітык Арцём Шрайбман, вядомы беларускі этнограф, заснавальніка гурту Kasary і прытулку для рэпрэсаваных беларусаў у Варшаве «Дом творцаў» Сяржук Доўгушаў.
Прыйшла былая экс-палітзняволеная, галоўная рэдактарка Tut.by Марына Золатава, якая асабліва чакала вызвалення з калоніі сваёй каляжанкі, гендырэктаркі парталу Людмілы Чэкінай, разам з якой была затрыманая ў 2021 годзе.
Блізкія сустракаюць вызваленых палітвязняў у Варшаве, Польшча. На здымку — Павел Белавус. 18 верасня 2026 года. Фота: Рауль Дзюк / Белсат
Павел Белавус расказаў, што ў першыя дні ў Варшаве збіраецца сустрэцца са сябрамі, адпачыць і дачакацца сям'ю, а пасля «будаваць новае жыццё».
«Шчыра кажучы, да апошняга я быў у Беларусі і не планаваў зʼязджаць. Ну і планаваў, калі і пасадзяць — ну, на год, на два, а тут далі 13, з якіх я адсядзеў 5, і адправілі [з краіны]. Пакуль, я так разумею, шляху назад няма, — падзяліўся ён і з усмешкай дадаў, што першыя дні праходзяць у сустрэчах і размовах з блізкімі. — Хваля падтрымкі такая, што я зараз віленскую перажыў, зараз трэба варшаўскую. Усе кажуць, што варшаўская значна мацнейшая. Зараз трэба, каб не знесла і не зварʼяцеў».
Блізкія сустракаюць вызваленых палітвязняў у Варшаве. На здымку — Павел Петручэня. 18 верасня 2026 года. Фота: Рауль Дзюк / Белсат
Як перадае рэдактарка «Белсата», з аўтобуса яго сустракалі словамі «Жыве Белавус!»
Культурніцкі менеджар і заснавальнік «Арт Сядзібы», крамы нацыянальнай сімволікі і сувеніраў Symbal.by, які шмат высілкаў прыклаў для таго, каб адраджаць беларушчыну ў краіне, расказаў, як пры гэтым адрэагаваў на прысуд аб здрадзе дзаржаве.
«Гэта трагедыя. У першую чаргу, у мяне здрада дзяржаве і «иные действия» — то бок за тое, што я супрацоўнічаў з замежнымі арганізацыямі, ЗША, Еўразвязам. Што ёсць, то і ёсць. Я ўжо забыўся пра ўсё гэта», — сказаў Белавус.
«Ці не збіраешся адыходзіць ад прасоўвання беларушчыны?» — запытаўся журналіст «Еўрарадыё» Зміцер Лукашук.
«Хутчэй за ўсё не. Хто мне дасць адысці… — з жартам адказаў Павел. — Тут усе мае дзеці і паплечнікі. Куды я адыду? Гэта ўжо маё жыццё».
З Вільні, куды 25 чалавек 16 верасня пры дапамозе ЗША вывезлі з Беларусі пасля вызвалення, у Польшчу вырашылі пераехаць 10. Яны плануюць падацца на міжнародную абарону і пачаць легалізацыю. Яшчэ 13 чалавек застануцца ў Літве, двое паедуць у іншыя краіны, тлумачылі ў Офісе Ціханоўскай.
На тое, каб частка былых палітвязняў змагла прыехаць у Польшчу, Павел Латушка прасіў згоды ў прадстаўнікоў МЗС гэтай краіны.
Чытайце таксама:
«Yes, soon!» Былая палітзняволеная расказала пра словы, з якімі лягчэй выжываць у калоніі
У Літве застануцца толькі 13 з 25‑ці вызваленых учора палітвязняў
«Назаву хоць зайцамі». Джон Коўл патлумачыў, што трэба зрабіць, каб вызваліць новых палітвязняў