БЕЛ Ł РУС

Колькі можна сядзець без перапынку, каб не павялічваць рызыкі раку? Навукоўцы знайшлі адказ

20.09.2026 / 07:00

Ідаля Салавей

Даследаванне больш як 91 тысячы чалавек паказала: для здароўя мае значэнне не толькі тое, колькі часу мы праводзім седзячы, але і ці робім перапынкі. Асабліва важнай была мяжа 30 хвілін.

Фота: Klaus Vedfelt / Getty Images

Пра небяспеку маларухомага ладу жыцця вядома даўно. Але новае даследаванне паказвае, што значэнне можа мець не толькі агульная колькасць часу, праведзенага седзячы, але і тое, як гэты час размяркоўваецца на працягу дня.

На даследаванне каманды навукоўцаў з Універсітэта Глазга (Вялікабрытанія) звярнула ўвагу навукова-папулярнае выданне ScienceAlert. Яго аўтары прааналізавалі звесткі больш як 91 тысячы ўдзельнікаў брытанскага праекта UK Biobank.

У сярэднім удзельнікам было 56 гадоў, на момант пачатку назіранняў у іх не было анкалагічных захворванняў. На працягу сямі дзён яны дзень і ноч насілі на запясці прылады з акселерометрамі, якія фіксавалі рух і дазвалялі адрозніваць маларухомы стан ад лёгкай, умеранай і інтэнсіўнай фізічнай актыўнасці.

Пасля гэтага за здароўем удзельнікаў сачылі каля 12 гадоў. За гэты час даследчыкі выявілі агульную заканамернасць: чым больш часу чалавек праводзіў седзячы, тым вышэйшай была імавернасць захварэць на рак і памерці ад яго. Пры разліках улічвалі ўзрост, пол, этнічнае паходжанне, матэрыяльнае становішча, адукацыю, харчаванне і асаблівасці ладу жыцця.

Але найбольш цікавае высветлілася, калі навукоўцы паглядзелі не проста на агульную колькасць сядзячых гадзін, а на тое, як менавіта гэты час размяркоўваўся на працягу дня.

Для аналізу даследчыкі падзялілі маларухомыя перыяды на працяглыя і перарваныя. Працяглымі лічыліся тыя, што доўжыліся не менш за 30 хвілін, прычым не менш за 90% гэтага часу чалавек праводзіў седзячы.

Да перарваных адносілі перыяды, якія не адпавядалі гэтым крытэрыям: яны доўжыліся менш за 30 хвілін або больш за 10% часу ў іх прыпадала на рух.

Вынікі даследавання паказалі, што з кожнай дадатковай гадзінай працяглага сядзення на дзень рызыка смерці ад раку была вышэйшая на 9%, а рызыка захварэць на рак — на 3%. Для відаў раку, звязаных з атлусценнем і дыябетам другога тыпу, рызыка захварэць была вышэйшая на 5%.

Для перарванага сядзення назіралася адваротная сувязь. Кожная дадатковая гадзіна такіх перыядаў на дзень была звязаная з ніжэйшай на 18% рызыкай смерці ад раку і 6% ніжэйшай рызыкай захварэць на яго. Рызыка захварэць на віды раку, звязаныя з атлусценнем, была ніжэйшая на 9%, а на звязаныя з дыябетам другога тыпу — на 10%.

«Нашы вынікі сведчаць аб тым, што ўплыў маларухомага ладу жыцця на здароўе можа залежаць не толькі ад агульнага часу, праведзенага ў сядзячым становішчы, але і ад таго, ці назапашваецца гэты час працяглымі перыядамі або перарываецца актыўнасцю», — тлумачаць даследчыкі ў сваёй працы.

Аўтары мяркуюць, што выяўленая сувязь можа мець біялагічнае тлумачэнне. Праведзеныя раней эксперыменты паказвалі, што нават кароткія перыяды руху, якія перарываюць працяглае сядзенне, могуць паляпшаць метабалічныя рэакцыі арганізма.

І для гэтага неабавязкова гадзінамі займацца ў спартзале. Даследчыкі таксама разлічылі, як змянялася рызыка, калі частку працяглага маларухомага часу замяняла фізічная актыўнасць рознай інтэнсіўнасці.

Замена адной гадзіны на дзень лёгкай фізічнай актыўнасцю была звязаная з ніжэйшай на 12% рызыкай смерці ад раку. Для 30 хвілін умеранай актыўнасці гэты паказчык складаў 8%, а для ўсяго пяці хвілін інтэнсіўнай актыўнасці — 22%.

Аднак гэтыя вынікі трэба трактаваць асцярожна. Даследаванне было назіральным, а замена маларухомага часу фізічнай актыўнасцю разлічвалася з дапамогай статыстычнай мадэлі. Таму выяўленая сувязь не даказвае, што менавіта такая змена фізічнай актыўнасці была прычынай зніжэння рызыкі.

Тым не менш, вынікі адпавядаюць іншым даследаванням, якія звязваюць маларухомы лад жыцця з неспрыяльнымі зменамі ў арганізме, у тым ліку з хранічным запаленнем.

З практычнага пункту гледжання вынікі дадаюць яшчэ адзін аргумент на карысць таго, каб не праводзіць доўгія перыяды сядзення цалкам без руху. Нават невялікая фізічная актыўнасць на працягу дня можа мець значэнне.

Чытайце таксама:

Чаму сядзець на кукішках важна для здароўя

Фізічныя практыкаванні ў маладосці могуць знізіць рызыку раку на 40% — навукоўцы

Прабежкі моцна зніжаюць рызыку раку грудзей

Каментары да артыкула