БЕЛ Ł РУС

У месцы, адкуль пачынаўся Гомель, пачалі ставіць помнік расійскаму фельдмаршалу

19.08.2026 / 20:21

Nashaniva.com

У Гомелі пачаліся работы па ўсталяванні помніка расійскаму генерал-фельдмаршалу Івану Паскевічу. Месца для яго выбралі больш чым сімвалічнае — адзін з галоўных гістарычных і турыстычных пунктаў горада, піша выданне «Штодзень».

Помнік з’явіцца ў парку каля старога моста XIX стагоддзя праз Гамяюк. Менавіта ў раёне ўпадзення гэтай невялікай ракі ў Сож знаходзілася старажытнае паселішча, з якога вырас Гомель. З Гамеюком звязваюць і паходжанне назвы горада.

Цяпер частка набярэжнай каля моста перагароджаная будаўнічай агароджай. На месцы будучага манумента пакуль усталяваны невялікі камень з таблічкай «Тут будзе ўсталяваны помнік генерал-фельдмаршалу Івану Фёдаравічу Паскевічу». Гэты надпіс аформлены ад імя Расійскага ваенна-гістарычнага таварыства. Работы знаходзяцца на пачатковай стадыі, тэрміны іх завяршэння пакуль невядомыя.

Фота: wikimedia.org

Пра намер паставіць у Гомелі помнік Паскевічу стала вядома яшчэ мінулай восенню. Дзеля ўзгаднення макета ў Маскву ездзіў цяпер ужо былы кіраўнік Гомеля Уладзімір Прывалаў. Ініцыятарам праекта выступіла Расійскае ваенна-гістарычнае таварыства. Гэтая ж арганізацыя раней «падарыла» Гомелю помнік савецкаму военачальніку Канстанціну Ракасоўскаму.

Будучы манумент мае выразную імперскую адсылку. Гомельскі помнік павінен паўтарыць манумент Паскевічу, які некалі стаяў у Варшаве. Іван Паскевіч камандаваў расійскімі войскамі пры задушэнні паўстання 1830—1831 гадоў, пасля чаго атрымаў тытул князя Варшаўскага і стаў царскім намеснікам у Царстве Польскім.

Пры гэтым вобраз Паскевіча ў гарадской прасторы Гомеля ўжо прысутнічае. У парку знаходзіцца скульптурная кампазіцыя «Прагулка з хартамі», адкрытая ў 2015 годзе. Яна паказвае Фёдара Паскевіча — сына Івана Паскевіча і апошняга прадстаўніка роду, які валодаў гомельскім маёнткам, — падчас шпацыру з ягонымі хартамі Лордам і Марка. 

Фота: wikimedia.org

Чытайце таксама:

У Мінкульце расказалі, якія палацы і сядзібы будуць аднаўляць найбліжэйшым часам

У Латвіі знеслі дом Міхаіла Задорнава

Ад рэдкіх абразоў да кітайскіх ваз: што можна ўбачыць у адзіным у Беларусі музеі кантрабанды

Руіны касцёла ў Бабруйску бясплатна аддалі «кашальку» Лукашэнкі Аляксандру Зайцаву

Каментары да артыкула