З сайта МУС знікла магчымасць анлайн-праверкі забароны на выезд з Беларусі
На сайце Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі больш недаступны сэрвіс, які дазваляў праверыць, ці дзейнічае ў дачыненні да чалавека часовае абмежаванне на выезд з краіны, піша «Анлайнер».
Здымак ілюстрацыйны. Фота: Lookby.media
У МУС растлумачылі, што гэта не звязана з тэхнічным збоем. Прычынай сталі змяненні ў парадку працы банка даных грамадзян, права на выезд якіх часова абмежавана.
Раней ведамства паведамляла пра ўказ, які ўдасканальвае работу гэтага банка даных. Дакумент рэгулюе абмен інфармацыяй паміж МУС і іншымі дзяржаўнымі органамі, якія могуць прымаць рашэнні аб часовай забароне на выезд. Таксама ён уводзіць новыя патрабаванні да абароны інфармацыі, што захоўваецца ў базе.
Як і раней, у банку даных утрымліваюцца звесткі пра грамадзян, якім часова забаронены выезд з Беларусі, пра адмену або прыпыненне такіх абмежаванняў, а таксама інфармацыя, якая тычыцца выезду непаўналетніх за мяжу на падставе судовых рашэнняў.
Цяпер праверыць наяўнасць абмежаванняў праз інтэрнэт немагчыма. Для атрымання такой інфармацыі неабходна асабіста звярнуцца ў падраздзяленне па грамадзянстве і міграцыі па месцы жыхарства. Паводле МУС, адказ павінны даць на працягу аднаго працоўнага дня.
Чытайце таксама:
Мяняецца праца банка даных беларусаў, якім забаронены выезд за мяжу