БЕЛ Ł РУС

МЗС Расіі дало нечаканае тлумачэнне выбуху ў маскоўскім элітным рэстаране

3.08.2026 / 12:45

Nashaniva.com

Паводле незалежных медыя, мэтай атакі быў галоўнакамандуючы Паветрана-касмічнымі сіламі РФ генерал Аляксандр Чайко, якога вінавацяць у ваенных злачынствах, але ў расійскіх дыпламатаў іншая версія.

МЗС РФ упершыню дало афіцыйны каментарый адносна выбуху ў маскоўскім рэстаране Balzi Rossi, у выніку якога 5 чалавек загінулі і 19 атрымалі раненні.

Паводле заявы пасольства РФ у Італіі, мэтай «кіеўскіх тэрарыстаў» была спроба запужаць італьянцаў, якія працуюць у Расіі.

«Зразумела, што, плануючы тэракт у адным з найлепшых італьянскіх рэстаранаў Масквы, кіеўскія тэрарысты хацелі напалохаць італьянцаў, якія працуюць у Расіі, паказаць ім, што яны таксама пад прыцэлам і могуць у любы момант стаць наступнай ахвярай падлюг», — піша пасольства Расіі ў Італіі.

Расійскія дыпламаты заяўляюць, што «толькі дзякуючы пільнасці і самаадданай вернасці свайму прафесійнаму абавязку супрацоўніка расійскай службы бяспекі не пацярпелі шэф-кухар з Неапаля К. Альф’еры і члены яго каманды».

Таксама яны даюць афіцыйныя лічбы: «На жаль, не абышлося без ахвяр. Загінулі пяць чалавек, сур'ёзныя калецтвы атрымалі 19 наведвальнікаў рэстарана».

«Цяпер стала ўжо канчаткова ясна, што выбух у рэстаране Balzi Rossi і іншыя тэракты ў Расіі, у Манака, у іншых месцах — гэта сведчанне таго, што ўкраінская тэрарыстычная зараза ўжо пачынае распаўсюджвацца па Еўропе і па Італіі ў прыватнасці», — рэзюмуюць прадстаўнікі расійскага знешнепалітычнага ведамства.

У гэты ж час незалежныя журналісты і Z-блогеры паказваюць на зусім іншую мэту атакі.

У зачыненым 1 жніўня на прыватнае абслугоўванне рэстаране адзначалася 55-годдзе. Галоўным кандыдатам у юбіляры называюць галоўнакамандуючага ПКС РФ генерала Аляксандра Чайко, якому 27 ліпеня споўнілася 55 гадоў.

Сам Чайко, па наяўнай інфармацыі, не пацярпеў. Але пацярпелі, падобна, яго дачка і зяць.

Генерал Аляксандр Чайко ў 2022 годзе камандаваў наступам на Кіеў і знаходзіцца пад санкцыямі ЕС праз датычнаць да ваенных злачынстваў у Бучы.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула