У пакістанскіх гарах загінула сусветная легенда альпінізму. Як гэта адбылося
Сярод загінулых у выніку сыходу лавіны на гары Броўд-Пік у Пакістане быў вядомы альпініст і былы вайсковец брытанскага войска Нірмал Пурджа, паведаміла яго кампанія. Чым быў вядомы гэты чалавек, піша Бі-бі-сі.
Нірмал Пурджа стаў вядомым на міжнародным узроўні пасля выхаду дакументальнага фільма Netflix у 2021 годзе
Elite Expeditions у допісе ў сацсетках заявіла, што з «глыбокім сумам і вялізным болем» пацвярджае гібель Пурджы ў выніку лавіны, якая здарылася ў чацвер. Кампанія таксама паведаміла, што атрымала пацвярджэнне: іншыя дзевяць удзельнікаў экспедыцыі таксама не выжылі.
Гібель Пурджы таксама пацвердзіў прэм'ер-міністр Непала Балендра Шах. У сацсетках ён напісаў, што
«трагічная гібель шасцярых непальскіх і чатырох іншых замежных альпіністаў, сярод якіх быў рэкардсмен свету Нірмал Пурджа, у горным масіве Каракарум у Пакістане, шакавала нас».
«Гісторыя іх мужнасці, адданасці і ўнёску назаўжды застанецца крыніцай натхнення», — дадаў прэм'ер.
43‑гадовы альпініст, які нарадзіўся ў Непале, стаў вядомым пасля таго, як у 2019 годзе скарыў усе 14 найвышэйшых вяршынь свету трохі больш чым за шэсць месяцаў. Асабліва праславіў яго выхад у 2021 годзе дакументальнага фільма Netflix «14 вяршынь: Няма нічога немагчымага» (14 Peaks: Nothing Is Impossible), які расказвае пра ўзыходжанні Нірмала Пурджы.
Раней пакістанскія службоўцы паведамлялі, што знайшлі целы трох альпіністаў з дзесяці ўдзельнікаў экспедыцыі — амерыканкі Мелары Гайс, Надхіры Ахмед Абдулы Аль-Харці з Амана і Пур Бахадура Гурунга з Непала.
Лавіна сышла ў чацвер на вяршыні вышынёй 8047 метраў у горным масіве Каракарум. Міжнародную групу альпіністаў узначальваў Пурджа, які ў 2003 годзе паступіў у брытанскае войска, а ў 2009 годзе — у Спецыяльную лодачную службу (Special Boat Service) — падраздзяленне спецыяльнага прызначэння Каралеўскага флоту Вялікабрытаніі.
Нірмал Пурджа разам са сваімі таварышамі з каманды сталі першымі, хто ўзышоў на пакістанскую гару К2 узімку 2021 года. Фота: Getty Image
Броўд-Пік лічаць адной з найскладанейшых гор для альпіністаў. Першае паспяховае ўзыходжанне на вяршыню адбылося ў 1957 годзе, калі піка дасягнула аўстрыйская экспедыцыя. З таго часу на гару ўзыходзілі шмат іншых альпіністаў, але дзясяткі людзей і загінулі падчас спроб.
Адным з найбольш смяротных гадоў на Броўд-Піку да гэтага быў 2013-ы, калі тут загінулі як мінімум шэсць чалавек.
Чытайце таксама:
На васьмітысячніку Броўд-Пік пасля сыходу лавіны зніклі 10 альпіністаў
Пяцёра альпіністаў загінулі на Эльбрусе
Ратавальнікі эвакуявалі з Эльбруса цела 11‑гадовага хлопчыка і пацярпелага бацьку
У швейцарскіх Альпах загінуў беларус
Амерыканская альпіністка засталася жывой пасля падзення з вышыні 450 метраў