БЕЛ Ł РУС

Навукоўцы б'юць трывогу: судны, якія захраслі ў Армузскім праліве, разнясуць па ўсім свеце грымучую біялагічную сумесь

31.07.2026 / 13:22

Ідаля Салавей

Закрыццё Армузскага праліва ўжо ўдарыла па сусветным гандлі, але навукоўцы папярэджваюць пра яшчэ адну пагрозу. Больш за паўтары тысячы грузавых суднаў, якія тыднямі стаяць без руху, ператвараюцца ў своеасаблівыя «плывучыя інкубатары» для чужародных арганізмаў, што пасля могуць апынуцца ў партах па ўсім свеце.

Грузавыя судны стаяць на якарах у Армузскім праліве каля іранскага горада Бандар-Абас. Працяглы прастой можа прывесці да распаўсюджвання чужародных марскіх відаў пасля аднаўлення суднаходства. Фота: Amirhosein Khorgooi / ISNA via AP.

Канфлікт на Блізкім Усходзе, які абвастрыўся пасля ўдараў ЗША і Ізраіля па Іране ў канцы лютага, паралізаваў адну з галоўных марскіх артэрый свету — Армузскага праліва. Вынікам стаў гіганцкі затор: па абодва бакі праліва захраслі больш за 1500 танкераў і сухагрузаў. Але акрамя дэфіцыту паліва і росту цэн, працяглая блакіроўка, як піша Live Science, можа прывесці да глабальнага распаўсюджвання інвазійных відаў.

У звычайным рэжыме грузавыя судны стаяць у партах дзень-два. Аднак цяперашні вымушаны застой цягнецца месяцамі. Паводле даследавання, апублікаванага ў часопісе Biological Invasions, менавіта праз доўгае стаянне караблі ператвараюцца ў ідэальныя інкубатары.

Навукоўцы высветлілі: прыкладна праз 10 дзён прастою марскія арганізмы, што прыбываюць з розных куткоў свету на карпусах суднаў, актыўна змешваюцца паміж нерухомымі караблямі і пачынаюць па-сапраўднаму цвісці.

Спецыяльнае ахоўнае пакрыццё, якое павінна прадухіляць абрастанне, у нерухомай вадзе працуе значна горш. У выніку караблі з усяго свету, што стаяць бок у бок, абменьваюцца лакальнай флорай і фаўнай, ствараючы грымучую біялагічную сумесь.

Калі суднаходства адновіцца, караблі развязуць гэтыя арганізмы па новых маршрутах. Частка відаў можа прыжыцца ў новых месцах, выцясняючы мясцовыя арганізмы і парушаючы раўнавагу экасістэм.

Адзін з самых вядомых прыкладаў — рачная дрэйсена (Dreissena polymorpha), якая ў 1980‑х трапіла ў Вялікія азёры Паўночнай Амерыкі разам з баластнымі водамі еўрапейскіх суднаў. Малюскі літаральна запаланілі вадаёмы, выцясняючы мясцовыя віды і забіваючы водазаборныя сістэмы. Ліквідацыя наступстваў абышлася ў сотні мільёнаў даляраў.

Небяспека не абмяжоўваецца толькі экалогіяй. Разам з арганізмамі могуць распаўсюджвацца паразіты і ўзбуджальнікі хвароб, здольныя заражаць мясцовую марскую жывёлу, наносіць шкоду рыбалоўству і аквакультуры, а ў асобных выпадках — ствараць пагрозу і для чалавека.

Найбольш уразлівымі навукоўцы лічаць парты, куды судны пойдуць першымі пасля адкрыцця праліва. У зоне рызыкі — Індыя, Сінгапур, Грэцыя, Іспанія, Нідэрланды і шэраг краін Блізкага Усходу, дзе тэмпература і салёнасць вады падобныя да ўмоў Персідскага заліва.

Каб прадухіліць распаўсюджванне чужародных відаў, даследчыкі прапануюць ачышчаць корпусы суднаў яшчэ да выхаду з рэгіёна, ацэньваць рызыку для кожнага карабля і арганізаваць сістэмы ранняга выяўлення небяспечных арганізмаў у партах.

«Гуманітарныя і эканамічныя наступствы вайны заўсёды будуць галоўным прыярытэтам. Але экалагічныя наступствы таксама нельга ігнараваць», — адзначаюць аўтары даследавання.

Чытайце таксама:

«Англічанка» шкодзіць! Батанікі папярэдзілі пра новы інвазіўны від, ад якога няма ратунку

На Свіслачы ў Мінску знайшлі незвычайную чарапаху. Але цешыцца з гэтага не выпадае

У Прыкарпацці размножыліся зялёныя папугаі. Здаецца, хутка яны расселяцца і на поўдні Беларусі

Каментары да артыкула