Шматдзетную сям'ю пад Крывым Рогам забіла ракета з КНДР
У ноч на 30 ліпеня Расія нанесла масіраваны ракетна-дронавы ўдар па Украіне. У пасёлку Радушнае Днепрапятроўскай вобласці ў выніку траплення ракеты загінула шматдзетная сям'я. Паводле папярэдніх звестак, расійскія войскі для гэтага ўдару маглі выкарыстаць балістычную ракету паўночнакарэйскай вытворчасці.
Старэйшы сын з сям'і Воранавых, які падчас удару па Радушным страціў паўтарагадовага сына, бацькоў, братоў і сясцёр. Фота: Днепрапятроўская ДАВА
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў, што папярэднія даныя сведчаць пра выкарыстанне расіянамі ракеты з КНДР.
«Па Радушным расіяне выкарысталі ўпершыню за доўгі час ракету з Паўночнай Карэі — такія папярэднія даныя. Вядома, яшчэ будуць экспертызы, усё будзе правярацца, але па стане на гэты момант — гэта паўночнакарэйская балістыка. Саюз маскоўскіх мярзотнікаў са звар’яцелым рэжымам у Паўночнай Карэі дзеля ракет, дзеля паўночнакарэйскага кантынгенту тут, у Еўропе, на нашых межах, і дзеля забойства нашых украінскіх дзяцей», — сказаў Зяленскі.
У выніку ўдару ў Радушным загінулі як мінімум шэсць членаў адной шматдзетнай сям'і. Пры гэтым некалькі чалавек па-ранейшаму лічацца зніклымі без вестак, таму колькасць ахвяр можа павялічыцца. У Крывым Рогу і Дняпры 31 ліпеня абвешчаны днём жалобы па загінулых.
Падчас масіраванай атакі ў ноч на 30 ліпеня расійскія войскі запусцілі па Украіне чатыры супрацькарабельныя ракеты «Цыркон» або «Анікс», дзевяць балістычных ракет «Іскандэр-М», С-400 або KN-23, 61 крылатую ракету Х-101 і «Калібр», а таксама 284 ударныя беспілотнікі.
Украінская супрацьпаветраная абарона знішчыла або нейтралізавала адну балістычную ракету, 54 крылатыя ракеты і 265 дронаў. Аднак былі зафіксаваныя траплянні трох супрацькарабельных, шасці балістычных і дзвюх крылатых ракет, а таксама 17 ударных беспілотнікаў у 20 месцах.
У выніку атакі загінулыя ёсць у Кіеве, Палтаўскай і Днепрапятроўскай абласцях, сярод ахвяр — дзеці.
Масіраваны ўдар таксама закрануў Львоў. Там былі разбураныя жылыя дамы, загінуў чалавек, яшчэ 34 атрымалі раненні. У Жытомірскай вобласці ракета трапіла ў адно з сельскагаспадарчых прадпрыемстваў Корасценскага раёна. Пашкоджана каля 300 будынкаў, шэсць чалавек параненыя.
У Івана-Франкоўскай вобласці пашкоджаны прамысловы аб'ект, больш за 50 прыватных дамоў і дзевяць гаспадарчых пабудоў. Паведамленняў пра пацярпелых там не паступала.
Чытайце таксама:
Зяленскі заявіў пра крытычны недахоп сродкаў супрацьпаветранай абароны
Прамое траплянне «Іскандэра» ў дом пад Крывым Рогам: шэсць загінулых, сярод іх дзеці