БЕЛ Ł РУС

Дастаўшчык ежы «Яндэкс» у Маскве заспяваў на вуліцы і стаў зоркай — ім аказаўся хлопец з Брэста

29.07.2026 / 18:55

Міра Нікановіч

Малады беларус Канстанцін прыехаў у Маскву, каб развіваць кар’еру ў музыцы, а пакуль пайшоў працаваць кур’ерам. Нядаўна завірусілася відэа з яго спевам — выглядае, хлопец можа кідаць дастаўку.

Скрыншот відэа: posledniykurier / Instagram

Відэа з беларусам апублікаваў інстаграм-акаўнт posledniykurier. У роліку Канстанцін, апрануты ў фірмовую куртку дастаўшчыка «Яндэкс» і з кур’ерскім заплечнікам, спявае на вуліцы урывак з песні расійскай групы Hi-Fi «Седьмой лепесток».

Ролік з галасістым беларусам заляцеў на 1,5 мільёна праглядаў. Каментатары пішуць пра тое, што беларус яўна займаецца не сваёй справай:

«Браце, мая бульба пачакае, рабі».

«Ёсць адчуванне, нібыта гэты жоўты заплечнік трэба вярнуць назад».

«Давайце Мію Бойку ў кур’еры замест яго тэрмінова!».

Канстанцін Муха нарадзіўся ў Брэсце. У 2022‑м ён паступіў у маскоўскі ўніверсітэт РУДН на факультэт пад назвай Інстытут сусветнай эканомікі і бізнэсу, і выглядае, што сёлета скончыў універсітэт. У студэнцкія гады Косця актыўна выступаў на ўніверсітэцкай сцэне — напрыклад, атрымліваў тытулы накшталт «Містэр Студэнцтва».

Фота: mk_for_every / Instagram

Свае трэкі беларус выкладаў у сеціва і раней, праўда, такога поспеху і блізка не было. Цяпер хлопец працуе кур’ерам у «Яндэкс Ежа», а таксама прысвячае час свайму хобі — робіць брошкі з тканіны і бісера. 

Фота: mk_for_every / Instagram

Выглядае, аднак, што цяпер часу на брошкі ў яго будзе мала. У каментары да таго самага роліка, які зрабіў Косцю знакамітым, прыйшоў хіп-хопер з Латвіі YAMZY, які будуе кар’еру ў Расіі. Ён прапанаваў Канстанціну спрадзюсаваць яму песню, і беларус не ўпусціў шанцу — ён ужо працуе з YAMZY над песняй. Больш за тое, Косця прызнаецца, што прапанова ад YAMZY далёка не адзіная, таму можна чакаць супрацоўніцтва і з іншымі прадзюсарамі.

Чытайце таксама:

11 гадзін штотыдзень. Навукоўцы адкрылі яшчэ адзін сакрэт доўгажыхароў

82‑гадовая амерыканская бабуля дабілася, каб у дамах састарэлых падавалі алкаголь

Якую дошку для нарэзкі выбраць — драўляную ці пластыкавую? Што кажуць спецыялісты

Каментары да артыкула