БЕЛ Ł РУС

Туск пракаментаваў збіццё ўкраінскай пары ва Уроцлаве і заклікаў прэзідэнта «перастаць маўчаць»

29.07.2026 / 14:00

Nashaniva.com

«Бандыты набылі смеласць». Дональд Туск абвінаваціў правых палітыкаў у заступніцтве гвалту пасля нападзення на ўкраінцаў ва Уроцлаве.

Дональд Туск. Фота: Photo by Didier Lebrun / Photonews via Getty Images

Прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск пракаментаваў збіццё ўкраінскай пары ва Уроцлаве. Кіраўнік польскага ўрада звярнуўся да прэзідэнта краіны Караля Наўроцкага з патрабаваннем адрэагаваць на тое, што адбываецца: «Я напрамую звяртаюся да прэзідэнта з просьбай перастаць маўчаць па гэтым пытанні».

Ён нагадаў, што раней Наўроцкі называў футбольныя бойкі «высакароднай рукапашнай барацьбой», і дадаў: «Хай цяпер паглядзіць, як выглядае гэта «высакародная барацьба».

Паводле польскага прэм'ера, агрэсіўныя групоўкі адчулі беспакаранасць праз заступніцтва з боку палітыкаў.

«Бандыты, футбольныя хуліганы — гэта паталогія гвалту — набылі смеласць і беспакаранасць, таму што атрымалі палітычнае заступніцтва», — сказаў Туск.

Звярнуўся ён і да лідара партыі «Права і справядлівасць» Яраслава Качыньскага. «Я звяртаюся да спадара Качыньскага з просьбай перастаць заклікаць да стварэння байцоўскіх атрадаў, як ён зрабіў нядаўна, таму што яму не падабаецца паліцыя. Паліцыя атрымае маю поўную падтрымку ў барацьбе з бандытызмам і гвалтам».

Кіраўнік польскага ўрада перакананы, што такія напады шкодзяць самой Польшчы. «Вы дзейнічаеце супраць Польшчы і ў інтарэсах Расіі, у інтарэсах нацыяналізму. Польскага і ўкраінскага. Няма слоў», — сказаў ён.

Туск заклікаў суграмадзян не заставацца абыякавымі і паведамляць праваахоўнікам пра падобныя факты агрэсіі.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула