БЕЛ Ł РУС

У Мінску міліцыя са зброяй затрымлівала трох рэцыдывістаў-гастралёраў

28.07.2026 / 22:05

Nashaniva.com

У Мінску супрацоўнікі крымінальнага вышуку пры падтрымцы байцоў АМАП затрымалі трох замежных грамадзян, якія падазраюцца ў спробе буйнога крадзяжу з прыватнага дома. Падчас аперацыі супрацоўнікі спецпадраздзялення прымянілі агнястрэльную зброю, паведаміла прэс-служба МУС.

Адзін з затрыманых гастралёраў. Скрыншот з відэа

Паводле інфармацыі МУС, падчас асабістага надгляду затрыманых і агляду іх аўтамабіля былі знойдзеныя і канфіскаваныя спецыяльныя прылады для незаконнага пранікнення ў жыллё. У іх таксама былі маскі, пальчаткі, лом, зменнае адзенне і іншыя рэчы, якія, паводле следства, маглі выкарыстоўвацца пры здзяйсненні злачынства.

Затрыманым 39, 43 і 56 гадоў. Усе яны — замежныя грамадзяне, якія раней неаднаразова прыцягваліся да крымінальнай адказнасці за цяжкія і асабліва цяжкія злачынствы, у тым ліку за наўмыснае прычыненне цяжкіх цялесных пашкоджанняў, што прывяло да смерці чалавека.

Як паведамілі ў МУС, падазраваныя прыехалі ў Мінск, каб выкрасці буйную суму грошай — ад паўтара да пяці мільёнаў даляраў. Сілавікі загадзя атрымалі інфармацыю, што невядомыя ў масках вывучаюць тэрыторыю каля катэджа ў Цэнтральным раёне сталіцы, рыхтуючыся да злачынства.

Паводле інфармацыі следства, зламыснікі ведалі код электроннага замка на варотах, таму бесперашкодна прайшлі на тэрыторыю дома, абышлі яго з тыльнага боку, пашкодзілі шклопакет і паспрабавалі трапіць у пакой, дзе знаходзіўся сейф з грашыма. Яны таксама былі ўпэўненыя, што гаспадароў няма дома, бо тыя знаходзіліся за мяжой на адпачынку.

Пасля першай няўдалай спробы падазраваныя выехалі ў Расію, але ўжо на наступны дзень вярнуліся ў Беларусь.

У выніку сумеснай працы беларускага крымінальнага вышуку і расійскіх сілавікоў удалося ўстанавіць асобы падазраваных. Іх затрымалі падчас чарговай спробы здзейсніць крадзеж.

Цяпер сілавікі праводзяць далейшыя аператыўна-вышуковыя мерапрыемствы, каб высветліць усе акалічнасці здарэння і праверыць магчымую датычнасць затрыманых да іншых злачынстваў, учыненых у Беларусі і на тэрыторыі іншых краін СНД.

Чытайце таксама:

У Расіі спецназ затрымаў агрэсіўнага крымінальніка, які напярэдадні спрабаваў заправіцца без чаргі і абражаў людзей

У Лоеве брыгадзе хуткай дапамогі пагражалі пісталетам

У Пастаўскім раёне 17‑гадовага кіроўцу затрымлівалі са стральбой

«Накіраваў аўтамабіль у бок паліцыянтаў». У польскай пракуратуры пракаментавалі справу са стральбой па беларусе ў Польшчы

Каментары да артыкула