Зяленскі сустрэўся з Трампам у Белым доме
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў Белым доме сустрэўся з прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам перад тым, як адправіцца на пахаванне сенатара Ліндсі Грэма, які быў блізкім паплечнікам Трампа і сябрам Украіны, піша Украінская служба Бі-бі-сі.
Уладзімір Зяленскі і Дональд Трамп. Здымак ілюстрацыйны. Фота: Getty Images
Паводле даных украінскага боку, прэса не прысутнічала на сустрэчы прэзідэнтаў, якая павінна была пачацца ў 16:30 па беларускім часе.
Выданне «Суспільне» са спасылкай на карэспандэнтку з месца падзей а 18‑й гадзіне паведаміла, што сустрэча Зяленскага і Трампа ў Белым доме скончылася. Яна працягвалася каля гадзіны.
Зяленскі ўжо пакінуў Белы дом, акурат тады, калі туды прыбыў прэм’ер-міністр Ізраіля Біньямін Нетаньяху. Пасля яго сустрэчы з Трампам усе тры лідары выправяцца на пахаванне.
Тым часам амерыканскія парламентарыі пачалі прыбываць да Капітолія, дзе адбудзецца развітанне з сенатарам Грэмам.
Пасля развітання Уладзімір Зяленскі мае сустрэцца з сенатарамі, якія разглядаюць законапраект пра санкцыі супраць Расіі. Як паведаміла амбасадарка Украіны ў ЗША Вольга Стэфанішына, сенатары чакаюць галасавання ўжо сёння.
Зяленскі прыбыў у Белы дом без лішняга розгаласу, увайшоўшы праз бакавыя дзверы. Сустрэчы Трампа з Зяленскім і Нетаньяху лічацца «працоўнымі візітамі», таму праходзяць без асаблівай урачыстасці. Фота: Getty Images
Напярэдадні візіту ў Вялікабрытанію і ЗША Зяленскі даў інтэрв’ю выданню Sky News, у якім расказаў пра тое, што плануе абмеркаваць з Трампам «абарону паветра» і санкцыі супраць Расіі.
Хоць ён адкрытым тэкстам не сказаў, што менавіта два лідары абмяркуюць у кантэксце СПА, можна выказаць здагадку, што гаворка ішла пра ліцэнзіі на вытворчасць ракет да сістэм Patriot.
«Добрая сустрэча з прэзідэнтам Трампам у Авальным кабінеце. Дзякую за ўсё, што мы робім разам для абароны жыццяў украінцаў і дасягнення міру. Перш за ўсё выказаў прэзідэнту Трампу нашы спачуванні ў сувязі са смерцю Ліндсі Грэма. Ён быў сапраўдным сябрам Украіны.
Абмеркавалі з прэзідэнтам ліцэнзіі на вытворчасць перахопнікаў для комплексаў Patriot, а таксама некаторыя іншыя ідэі, якія могуць дапамагчы. Акрамя таго, гаварылі пра дыпламатыю — важна актывізаваць дыпламатычны працэс. Нашы каманды ўзгодняць дэталі далейшай камунікацыі. Удзячны Злучаным Штатам за нязменную падтрымку», — заявіў сам Зяленскі пасля сустрэчы.
Чытайце таксама:
Ва Украіне анансавалі прымяненне ўласных балістычных ракет ужо гэтай восенню
Зяленскі прыляцеў у Злучаныя Штаты
Зяленскі: Пуцін не гатовы спыніць гэтую вайну — ён рыхтуецца да мабілізацыі
Зяленскі папярэдзіў пра небяспеку магутнай расійскай атакі найбліжэйшым часам