БЕЛ Ł РУС

«Будзе няважна, дэмакратычнае кіраванне ў Беларусі ці не». Леў Львоўскі расказаў, чаму маладых беларусаў чакае горкая доля

27.07.2026 / 10:00

Вінцэсь Клепачэня

Вядомы эканаміст, акадэмічны дырэктар цэнтра BEROC Леў Львоўскі ў новым выпуску ТОКу патлумачыў, чаму праз некалькі дзесяцігоддзяў маладыя беларусы могуць апынуцца перад жорсткім выбарам: альбо працаваць за капейкі, аддаючы амаль увесь заробак дзяржаве, альбо з'язджаць з краіны.

Леў Львоўскі. Скрын відэа: TOK_talk / YouTube

Галоўная праблема, якая закладае міну пад эканоміку Беларусі, — гэта суадносіны людзей працаздольнага ўзросту і тых, каго трэба карміць. Як адзначае Львоўскі, зараз сітуацыя яшчэ адносна стабільная: на 10 работнікаў прыпадае 4 пенсіянеры. Аднак гэты баланс імкліва разбураецца.

Ужо да сярэдзіны стагоддзя гэтая лічба вырасце мінімум у паўтара раза. Гэта азначае, што на 10 працаздольных беларусаў будзе прыпадаць 6—7 пенсіянераў. Такая нагрузка непазбежна ляжа на плечы моладзі, якой давядзецца забяспечваць старэйшае пакаленне ў вельмі неспрыяльных умовах.

«Якая б у нас там ні была пенсійная сістэма, камусьці трэба карміць пенсіянераў. Гэта ўсё будзе класціся на маладых. Такая ж сітуацыя будзе адбывацца ва ўсіх суседніх краінах», — даводзіць Львоўскі.

Рост колькасці пенсіянераў прывядзе да таго, што дзяржаве спатрэбіцца больш грошай на сацыяльныя выплаты. Адзіны шлях атрымаць гэтыя сродкі — павышаць падаткі для тых, хто працуе. У выніку гэта прывядзе да рэальнага збяднення маладога пакалення.

У той жа час суседнія краіны, якія сутыкнуцца з падобнымі праблемамі, могуць пачаць агрэсіўную канкурэнцыю за чалавечы капітал:

«Якая-небудзь краіна можа прыдумаць няхітры план, абвясціць: «Прыязджайце да нас у краіну і будзеце плаціць не 60% падаткаў, як у вас у краіне, а 10%». Такім чынам, гэтая краіна сапраўды зможа сабраць у сябе шмат моладзі, выправіць свае дэмаграфічныя праблемы і абкладаць гэтую моладзь значна меншым падаткам».

У такі момант моладзь можа сапраўды «масава некуды бегчы». Як лічыць эканаміст, розніца ва ўзроўні жыцця паміж Беларуссю і суседзямі ўжо цяпер значная, а да сярэдзіны стагоддзя, з улікам велізарнай падатковай нагрузкі, яна можа стаць яшчэ ў некалькі разоў большай.

«І тады ўжо будзе няважна, дэмакратычнае кіраванне ў Беларусі ці не, добрыя там людзі ці дрэнныя, размаўляюць на беларускай мове ці на рускай. Будзе важна, што гэты малады чалавек можа пераехаць у суседнюю краіну і жыць там літаральна ў тры, у чатыры разы лепш. І далей ужо амаль ніякага патрыятызму не хопіць, каб утрымліваць людзей у краіне», — прагназуе эканаміст.

Як даводзіць Львоўскі, нягледзячы на відавочныя негатыўныя трэнды ў адукацыі, медыцыне і пастаянны адток кадраў, цяперашняе кіраўніцтва краіны не робіць крокаў для выпраўлення сітуацыі. Цяперашні ўрад не збіраецца адказваць за свае ўчынкі ў перспектыве сярэдзіны стагоддзя.

Для Аляксандра Лукашэнкі, які, як заўважае Львоўскі, не збіраецца жыць да сярэдзіны ХХІ стагоддзя, важна захаваць сваю падушку бяспекі сёння. Пры гэтым ягонае жаданне заставацца ва ўладзе любым коштам сістэматычна змяншае перспектывы краіны на дзесяцігоддзі наперад. 

«Але я не думаю, што Аляксандр Лукашэнка за гэта перажывае», — заўважае эксперт.

Чытайце таксама:

Эканаміст Львоўскі расказаў, чаму з аптымізмам глядзіць на будучыню свету

Ці трэба беларусам рабіць выбар паміж Расіяй і Еўропай? Шрайбман і Львоўскі спрачаюцца

Эканаміст Львоўскі назваў самую небяспечную краіну

Каментары да артыкула