Польшча рэзка знізіла выдачу міжнароднай абароны беларусам. У чэрвені адмоў удвая больш, чым станоўчых рашэнняў
Польшча рэзка знізіла выдачу міжнароднай абароны беларусам, сведчыць аналіз статыстыкі Упраўлення па справах іншаземцаў, піша выданне Most.
Здымак ілюстрацыйны. Фота: Most
У чэрвені вынесена 21 рашэнне аб наданні беларусам статусу бежанца і яшчэ чатыры — аб дадатковай абароне. Пры гэтым негатыўныя рашэнні вынесеныя па 52 заявах, разгляд яшчэ 13 спраў прыпынены.
Такім чынам, у чэрвені доля адмоў у агульнай колькасці разгледжаных спраў дасягнула 57,8%, што з’яўляецца беспрэцэдэнтным паказчыкам. Для параўнання: у студзені-маі 2026 года доля негатыўных рашэнняў складала толькі 4,4%, у 2025 годзе іх было 5,5%, а ў 2024‑м — 5,4%.
Сітуацыя стала рэзка змяняцца яшчэ ў маі. Калі за першыя чатыры месяцы 2026 года беларусам сумарна адмовілі ў наданні абароны толькі па 14 справах, то ўжо ў траўні было вынесена 17 негатыўных рашэнняў.
Раней праваабаронцы ўжо звярталі ўвагу на некаторыя негатыўныя рашэнні Упраўлення па справах іншаземцаў. З матывіроўкі адмоў вынікала, што ведамства змяніла падыход да ацэнкі сітуацыі ў Беларусі. У прыватнасці, у адным з рашэнняў гаварылася, што тэрмін даўніны па «пратэсным» 342‑м артыкуле ўжо мінуў, а за студзень—люты 2026 года, паводле даных Праваабарончага цэнтра «Вясна», не зафіксавана выпадкаў асуджэння асоб за ўдзел у пратэстах.
Акрамя таго, Упраўленне па справах іншаземцаў адзначала, што з чэрвеня 2024 года па пачатак красавіка 2026 года Лукашэнка падпісаў шэсць указаў аб памілаванні, на падставе якіх былі вызваленыя як мінімум 227 палітвязняў. А ў 2025 годзе на свабоду выйшлі мінімум 360 палітвязняў — «у прыватнасці, дзякуючы дыпламатычным намаганням трэціх дзяржаў, у тым ліку ЗША».
Беларусу, справа якога была прыведзена ў якасці прыкладу, ведамства адмовіла ў міжнароднай абароне, бо палічыла, што ён не выконваў у пратэстах нейкую значную ролю, якая магла б прыцягнуць да яго павышаную ўвагу з боку беларускіх улад. Дадаткова ў рашэнні падкрэслівалася, што ён не быў раней затрыманы за пратэсты, арыштаваны ці асуджаны, хоць пакінуў Беларусь толькі ў снежні 2022 года. А пасля 2020 года не быў уцягнуты ў дзейнасць, якую беларускія ўлады маглі б палічыць апазіцыйнай ці экстрэмісцкай.
Падчас нядаўняй сустрэчы прадстаўнікоў дэмакратычных сіл з кіраўніком Упраўлення па справах іншаземцаў Томашам Цытрыновічам беларускія ўдзельнікі звярнулі ўвагу, што заканчэнне тэрмінаў даўніны не паляпшае прававое становішча беларусаў, а, наадварот, пагаршае яго. У беларускай сітуацыі заканчэнне тэрмінаў даўніны не азначае спынення крымінальнага пераследу: сілавікі проста перакваліфікуюць такія выпадкі на больш цяжкія артыкулы, якія прадугледжваюць больш доўгія тэрміны пазбаўлення свабоды.
Падчас чакання рашэння па справе аб міжнароднай абароне заяўнік не можа падаць заяву на легалізацыю па іншай падставе, нават калі яна ў яго ёсць (напрыклад, праца, вучоба, уз’яднанне з мужам ці жонкай). Між тым тэрміны разгляду спраў апошнім часам зацягваюцца. Таму можа атрымацца, што за час чакання заканчваюцца тэрміны дзеяння іншых дакументаў (віз ці ДНЖ), якія пацвярджаюць легальнасць знаходжання ў Польшчы, калі яны былі.
Такім чынам, адмова ў міжнароднай абароне (калі яна не будзе абскарджана ў тэрмін) ставіць пад пытанне легальнасць знаходжання ў Польшчы і ў цэлым у ЕС. Некаторых беларусаў, якім на радзіме пагражае небяспека, гэта можа вымусіць вярнуцца, нягледзячы на рызыкі.
Чытайце таксама:
Беларусы без пашпартоў ва Украіне ў жніўні рызыкуюць стаць нелегаламі — яны не змогуць абнавіць ДНЖ