БЕЛ Ł РУС

38‑гадовую Алену з Кобрына асудзілі за палітыку

20.07.2026 / 10:00

Баляслаў Ліманоўскі

Менеджарка, відавочна, праходзіць па справе Гаюна.

Алена Вароніна. Фота з яе старонкі Укантакце

Алене Варонінай 38 гадоў. Яна з Кобрына, выхоўвае 13‑гадовае дзіця.

Паводле рэзюмэ на партале пошуку працы, Алена мае 6‑гадовы досвед і працуе менеджарам па працы з кліентамі і продажах.

Алену Вароніну асудзілі ў Брэсцкім абласным судзе паводле часткі 1 артыкула 361‑4 Крымінальнага кодэкса — садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці. Ёй прысудзілі хатнюю хімію.

Масавыя палітычныя рэпрэсіі ў краіне пачаліся пасля 2020 года. Тады Аляксандр Лукашэнка прайграў Святлане Ціханоўскай, але не аддаў ёй уладу, а змусіў яе выехаць за мяжу. Гэта выклікала масавыя народныя пратэсты, у якіх удзельнічалі мільёны людзей. У адказ на гэта ўлады распачалі арышты.

Паводле падлікаў аб'яднання сілавікоў «Белпол» і праваабаронцаў, вядомыя імёны як мінімум 9594 чалавек, якія падпалі пад палітычна матываваныя крымінальныя справы. Усяго тыя ці іншыя палітычныя рэпрэсіі (крыміналкі, адміністратыўкі, звальненні, ператрусы) зачапілі каля 500 тысяч беларусаў. Некалькі соцень тысяч людзей вымушаныя былі пакінуць краіну. 

«Экстрэмізмам» улады Беларусі лічаць патрабаванне правесці свабодныя выбары з празрыстым падлікам галасоў, а таксама практычна ўсялякую крытыку ўладаў, прарасійскіх гістарычных наратываў ці праявы салідарнасці з Украінай. 

Шматлікія крымінальныя справы апошняга часу па артыкуле аб «садзейнічанні экстрэмізму» былі звязаныя са «справай Гаюна».

«Беларускі Гаюн» — маніторынгавы OSINT-праект, які быў створаны ў 2022 годзе, калі Расія праз Беларусь напала на Украіну. Праект адсочваў ваенную актыўнасць расійскіх і беларускіх войскаў, абапіраючыся на інфармацыю ад беларусаў. Каардынавала яго дзейнасць група актывістаў на чале з Антонам Матолькам.

«Справа Гаюна» пачалася пасля таго, як сілавікі затрымалі актывістку, якая некалькі гадоў жыла ў Беларусі ў падполлі. У яе мабільніку знайшлі спасылку на далучэнне ў бот Гаюна, якую ёй дасылалі ў самым пачатку існавання праекта. Фатальная памылка была ў тым, што спасылка была бестэрміновая. А таму сілавікі змаглі падключыцца да бота і выпампаваць адтуль усю інфармацыю. Яны атрымалі паведамленні акаўнтаў, якія пісалі ў бот, а таксама іхнія ID і імёны карыстальнікаў.

Чытайце таксама:

Шматдзетную маці з-пад Мінска, якая ладзіла дзіцячыя святы, асудзілі за палітыку

Жанна з Мазыра працавала ў Познані, але вярнулася ў Беларусь. І яе кінулі ў СІЗА за палітыку

Асудзілі дзяўчыну, якая ў 2020‑м пратэставала супраць «выбараў без выбару» і патрабавала ад кандыдатаў пазіцыі па Украіне

Каментары да артыкула