Тлушч памерлых людзей стаў новым трэндам у касметалогіі
У ЗША набірае папулярнасць новая касметычная працэдура, падчас якой для карэкцыі фігуры выкарыстоўваюць тлушч, атрыманы ад памерлых донараў. Чаму на яго ўзнік попыт, ці бяспечная гэтая працэдура і дзе праходзіць этычная мяжа, разбіралася CNN.
Калаж з ілюстрацый, размешчаных на сайце вытворцы alloclae.com
Усё больш амерыканцаў звяртаюцца да прэпарата alloClae — ін'екцыйнага напаўняльніка, вырабленага з донарскага тлушчу памерлых людзей. Вытворца сцвярджае, што з мая 2025 года ім ужо скарысталіся больш за дзве тысячы пацыентаў, а цікавасць да працэдуры працягвае расці.
Прэпарат выкарыстоўваюць для павелічэння аб'ёму грудзей, ягадзіц, твару і іншых частак цела. Вытворцы пазіцыянуюць яго як альтэрнатыву сіліконавым імплантам, сінтэтычным філерам і перасадцы ўласнага тлушчу. Працэдура не патрабуе ліпасакцыі, агульнай анестэзіі і працяглага аднаўлення, доўжыцца менш за гадзіну і праводзіцца амбулаторна.
Пахуданне стварыла новы попыт
Рост папулярнасці alloClae шмат у чым звязваюць з распаўсюджаннем прэпаратаў для пахудзення, такіх як Ozempic і Wegovy. Пасля значнай страты вагі многія людзі губляюць не толькі лішні тлушч, але і аб'ём у грудзях, твары або ягадзіцах.
Пластычныя хірургі адзначаюць, што пацыенты ўсё часцей хочуць не проста схуднець, але і аднавіць страчаны аб'ём у пэўных частках цела. Менавіта для гэтага і прапануюць выкарыстоўваць донарскі тлушч.
AlloClae — не першы прэпарат такога тыпу. Каля дзесяці гадоў таму на рынку з'явіўся аналагічны сродак Renuva. Аднак максімальны шпрыц змяшчаў толькі тры кубічныя сантыметры прэпарата, таму яго выкарыстоўвалі пераважна для невялікіх участкаў — рук, твару і шыі.
Найбуйнейшы шпрыц alloClae змяшчае каля 22 кубічных сантыметраў, што дазваляе выкарыстоўваць яго для карэкцыі грудзей, ягадзіц і іншых буйных зон цела.
Кошт аднаго шпрыца alloClae аб'ёмам 12,5 кубічнага сантыметра можа дасягаць прыкладна 2250 даляраў, а поўная працэдура нярэдка абыходзіцца ў дзясяткі тысяч даляраў.
Не без рызыкі
Як і любая працэдура па павелічэнні аб'ёму тканак, выкарыстанне alloClae можа прыводзіць да ўскладненняў.
CNN прыводзіць гісторыю жанчыны, якая пасля павелічэння грудзей сутыкнулася з некрозам тлушчавай тканкі: частка ўведзенага матэрыялу не прыжылася, з'явіліся балючыя ўшчыльненні, а пазней давялося іх выдаліць.
Вытворца заяўляе, што пацверджаных выпадкаў непрымання або інфекцый не зафіксавана, аднак прызнае, што вынік шмат у чым залежыць ад тэхнікі ўвядзення прэпарату.
Некаторыя пластычныя хірургі таксама лічаць, што пакуль рана рабіць высновы пра доўгатэрміновую бяспеку новай методыкі. Яны адзначаюць, што неабходныя больш маштабныя клінічныя даследаванні і працяглае назіранне за пацыентамі.
Адкуль бяруць донарскі тлушч
Вытворца прэпарату, кампанія Tiger Aesthetics, запэўнівае, што выкарыстоўвае тканкі людзей, якія пры жыцці пагадзіліся на донарства свайго цела пасля смерці. Донары могуць вызначыць, ці дазваляюць выкарыстоўваць свае тканкі толькі для навуковых і медыцынскіх даследаванняў або таксама ў камерцыйных мэтах. Праверка медыцынскіх дакументаў і допуск матэрыялу да выкарыстання займаюць ад трох да шасці месяцаў, а падчас вытворчасці з тканкі выдаляюць клеткі і ДНК донара.
Аднак сістэма выкарыстання тканак памерлых людзей у ЗША рэгулюецца значна менш строга, чым донарства органаў. Калі трансплантацыя органаў знаходзіцца пад строгім федэральным кантролем, то для арганізацый, якія прымаюць цэлыя целы, і банкаў тканак не існуе адзінай абавязковай сістэмы федэральнай акрэдытацыі або ліцэнзавання. Гэта азначае, што сотні такіх устаноў працуюць без адзінага агульнанацыянальнага нагляду.
Менавіта гэта і выклікае частку этычных пытанняў. Біяэтыкі лічаць, што выкарыстанне ахвяраваных тканак у камерцыйных мэтах можа супярэчыць самой ідэі донарства як бескарыслівага ўчынку.
На гэтым фоне ўзнікла і прававая спрэчка вакол alloClae. Улады штата Нью-Ёрк адмовілі вытворцу ў ліцэнзіі на распаўсюджванне прэпарату, заявіўшы, што незразумела, ці адпавядае ён патрабаванням рэгулявання. Tiger Aesthetics не пагадзілася з гэтым і аспрэчвае рашэнне ў судзе.
Ці стане выкарыстанне тлушчу памерлых новай нормай
Некаторыя пластычныя хірургі прызнаюцца, што чакалі значна больш негатыўнай рэакцыі на выкарыстанне тлушчу памерлых людзей. Аднак на практыцы большасць пацыентаў амаль не цікавіцца паходжаннем матэрыялу.
Культуролаг Арабель Сікардзі, аўтар кнігі «Дом прыгажосці» («The House of Beauty»), назвала alloClae «жахліва зручным» і параўнала яго з чымсьці са свету фільма жахаў «Субстанцыя» (2024).
На яе думку, адсутнасць складанай аперацыі і працяглага аднаўлення прымушае людзей менш задумвацца пра тое, што прэпарат выраблены з тканак памерлых.
«Гэта сведчыць пра тое, што мы аддаём прыярытэт зручнасці, выкарыстоўваючы матэрыялы памерлых. Гэта проста новая версія старажытнага імпульсу. Калісьці людзі елі целы памерлых, цяпер — уводзяць іх у свае целы», — рэзка фармулюе сваё меркаванне Сікардзі.
У Tiger Aesthetics лічаць, што alloClae варта ўспрымаць не як напамін пра смерць, а як сродак, які дапамагае людзям даўжэй захоўваць жаданы выгляд. У кампаніі ўпэўненыя, што прэпарат чакае той самы шлях, які раней прайшлі ботакс і філеры: тое, што сёння здаецца незвычайным, з часам можа стаць звычайнай касметычнай працэдурай.