БЕЛ Ł РУС

Украінцы затапілі каля Новарасійска расійскі памежны карабель

14.07.2026 / 16:27

Nashaniva.com

Вайскова-марскія сілы Украіны заявілі пра знішчэнне расійскага памежнага вартавога карабля ФСБ «Ізумруд» каля ўзбярэжжа Новарасійска. Паводле ўкраінскага боку, карабель быў патоплены марскім беспілотным комплексам Sargan-3000. Сцвярджаецца, што пасля прамога трапляння ён затануў, а сярод экіпажа ёсць загінулыя і параненыя.

«Ізумруд» быў спушчаны на ваду ў 2014 годзе. Ён меў даўжыню 62,5 метра, водазмяшчэнне да 750 тон, быў абсталяваны верталётнай пляцоўкай і мог развіваць хуткасць да 27 вузлоў. Паводле інфармацыі ўкраінскіх вайскоўцаў, гэты карабель удзельнічаў у інцыдэнце ў Керчанскім праліве ў лістападзе 2018 года.

Камандуючы Сіламі беспілотных сістэм Украіны Роберт Броўдзі, вядомы пад пазыўным «Мадзяр», таксама паведаміў, што ў ходзе аперацыі ў Азоўскім моры ўкраінскія падраздзяленні за апошнія дні нанеслі ўдары па дзясятках расійскіх суднаў, у тым ліку танкерах, сухагрузах і буксірах.

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі раней заявіў, што Расія страціла кантроль над сітуацыяй у Азоўскім і Чорным марах. Паводле яго слоў, Украіна паслядоўна аслабляе магчымасці расійскага флоту праз удары па караблях, партовай інфраструктуры і вайсковых аб'ектах.

Пасля папярэдніх удараў Расія вывела большую частку караблёў Чарнаморскага флоту з анексаванага Крыма ў Новарасійск.

Чытайце таксама:

«Яхту Пуціна» перагналі ў Севераморск. Магчыма, яе ратуюць ад украінскіх беспілотнікаў

Ва УСУ заявілі пра знішчэнне 19 танкераў у Азоўскім моры. Яны маглі вазіць бензін у Крым

Украінцы кантралююць паветра вакол Крыма. За ноч знішчана яшчэ 10 танкераў

Мадзяр расказаў, чаму Украіна не б'е па Крымскім мосце

Каментары да артыкула