БЕЛ Ł РУС

Італьянская піцэрыя ў Крывой Бярозе зноў запрацавала, але радуюцца гэтаму не ўсе

11.07.2026 / 18:15

Nashaniva.com

У пятніцу, 10 ліпеня, у вёсцы Крывая Бяроза Смалявіцкага раёна зноў запрацавала італьянская піцэрыя «Папача Піца». Падзея бурна абмяркоўваецца ў сацсетках, але, як паглядзела выданне Office Life, у самой вёсцы пра адкрыццё на першы погляд нічога і не нагадвае.

Фота: Office Life

Крывая Бяроза знаходзіцца за 30 км ад Мінска. Некалькі невялікіх крам, дзіцячы сад, каля 800 жыхароў. Дом Паала амаль на самай ускраіне, каля лесу, уся вуліца — усяго восем дамоў. Вывеску «Папача Піца» на адным з іх не адразу і заўважыш. З аднаго боку дома — гара пяску, з другога — дровы, тэраса выходзіць на поле… Здаецца, ніякага ажыятажу і галодных кліентаў.

Спачатку сапраўдны фурор і ў вёсцы, і ў сацсетках выклікала тое, што ў маі 2025 года Паала Антоніа Вене пачаў пячы тут італьянскую піцу ў печы на дровах. Са сваёй беларускай жонкай Алінай ён пазнаёміўся ў інтэрнэце, пераехаў спачатку ў Мінск, потым — у Крывую Бярозу.

У маі 2026‑га Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю забараніла выкарыстоўваць у рэкламе фразу «Мы гатуем найлепшую піцу ў вашым горадзе». Парушэнне ліквідавалі, але неўзабаве Паала паведаміў, што закрывае піцэрыю назаўжды. Потым агучыў навіну: у іх сям'і вялікі разлад, і ён практычна пакуе чамаданы ў Італію, але прайшло крыху больш за месяц — і вось піцэрыя зноў адкрылася.

«Заказаў ужо шмат. Але працуем мы толькі па папярэднім заказе — спецыяльна, каб не ствараць чаргу», — тлумачыць Аліна.

Пра чэргі згадалі не выпадкова: італьянец скардзіўся на зайздроснікаў, якія «выстаўлялі хлуслівыя абвінавачванні ў нязручнасцях, прычыненых кліентамі».

«Мне асабіста яны не замінаюць, я на суседняй вуліцы жыву, — кажа мясцовая жыхарка. — Але іх суседзі скардзіліся, што калі машыны пастаянна прыязджалі, праезд загароджвалі.

І вось, бывала, прыедуць з Мінска па піцу, чакаюць заказ, з сабачкамі сваімі гуляюць каля двароў чужых, не ўсім такое падабаецца».

«Мы ўсіх інтарэсы ўлічваем! — расказвае Аліна. — А 20-й, а то і а 19‑й гадзіне ўжо закрываемся, напоі ніякія не прадаём, столікаў няма, людзі проста прыязджаюць, забіраюць піцу і з'язджаюць. Ніхто не шуміць. Каму гэта можа замінаць? Ведаеце, спачатку мы былі такія адкрытыя, усіх клікалі ў дом, кавай частавалі, Паала так звык у Італіі. Зараз, пасля ўсіх праблем, больш стрымана сябе паводзім, вядома».

Яна дадала, што, калі закрыліся, Паала так засмуціўся, хацеў у Італію ўжо з'язджаць.

«Але дзеці тут у школу ходзяць, усё няпроста… І многія раяць: «Ды пераязджайце вы ў Мінск!» Але навошта? Паала кажа: «Калі рабіць добрую піцу з любоўю, па яе куды заўгодна прыедуць! І ў Крывую Бярозу таксама!»

Чытайце таксама:

Піцэрыя італьянца пад Смалявічамі зноў адновіць працу

Закрылася піцэрыя, якую італьянец адкрыў у вёсцы Крывая Бяроза

Італьянец заяўляе, што ягоная піца — найлепшая ў вёсцы Крывая Бяроза. Чыноўнікі сумняюцца

Італьянец пераехаў у беларускую вёску і пачаў пячы сапраўдную піцу на дровах

Каментары да артыкула