Амерыканцы любяць гаварыць пра заняпад Еўропы. Але большасць еўрапейцаў жыве лепш за іх. Праўда, яшчэ не беларусы
У ЗША багацце сканцэнтраванае ў руках некалькіх соцень тысяч сем'яў, і яны нагэтулькі шалёна багатыя, што гэта робіць «сярэднюю заможнасць» уяўна высокай. Апошняя справаздача швейцарскага банка UBS паказала: Злучаныя Штаты займаюць другое месца ў свеце па сярэднім багацці на аднаго дарослага, аднак па медыянным — паказчыку, які лепш адлюстроўвае дастатак звычайнага чалавека, — саступаюць нават Славеніі, Партугаліі і Італіі. Чаму так адбываецца і хто насамрэч стаў багацейшым у 2025 годзе?
Ілюстрацыйнае фота. Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп і яго жонка Меланія. Фота: AP Photo / Allison Robbert
У 2025 годзе свет стаў значна багацейшым. Паводле новай справаздачы Global Wealth Report, падрыхтаванай швейцарскім банкам UBS, асабістае багацце вырасла на 10,8% — гэта самы хуткі гадавы рост з 2017 года. Даследаванне ахоплівае 56 краін і тэрыторый (Беларусь у аналіз не ўвайшла), на якія прыпадае больш за 92% сусветнага багацця.
Галоўнымі прычынамі гэтага росту сталі поспехі фінансавых рынкаў і падаражэнне нефінансавых актываў, найперш нерухомасці. Найхутчэй багацце павялічвалася ў Еўропе і на Блізкім Усходзе: у цэлым гэты рэгіён дадаў амаль 18%, Заходняя Еўропа — каля 17%, а Усходняя — 28%. Часткова такі скачок тлумачыцца аслабленнем долара: паколькі UBS вядзе разлікі ў доларах ЗША, умацаванне еўра аўтаматычна павялічыла ацэнку еўрапейскага багацця.
Пра маштаб гэтага росту сведчыць і колькасць новых доларавых мільянераў, якіх за мінулы год у свеце стала амаль на мільён больш. Амаль палова гэтага прыросту прыпала на Злучаныя Штаты, дзе іх стала больш на 440 тысяч — у сярэднім больш за 1200 чалавек штодня.
Але за агульным ростам хаваецца менш адназначная карціна. Багацце павялічвалася вельмі нераўнамерна: у многіх краінах сярэдні паказчык рос, а медыяннае багацце, наадварот, зніжалася.
Медыяна паказвае ўзровень, адносна якога палова дарослага насельніцтва мае больш чыстага багацця, а палова — менш. Менавіта таму яна лепш характарызуе дастатак звычайнага чалавека. Калі капіталы невялікай групы вельмі заможных сем'яў імкліва растуць, сярэдняя лічба можа рэзка павялічыцца, хоць для большасці людзей сітуацыя амаль не зменіцца.
Менавіта гэта добра відаць на прыкладзе Злучаных Штатаў. Калі глядзець на сярэдняе багацце, ЗША выглядаюць адной з найбагацейшых краін свету: на аднаго дарослага амерыканца прыпадае амаль 696 тысяч долараў чыстага багацця. Вышэйшы паказчык толькі ў Швейцарыі.
Аднак па медыянным багацці карціна зусім іншая. Па гэтым паказчыку ЗША займаюць толькі 28‑е месца. Звычайны амерыканец мае каля 69 тысяч долараў чыстага багацця — менш, чым жыхары Славеніі, Партугаліі і яшчэ шэрагу еўрапейскіх краін. У Італіі, якая па еўрапейскіх мерках далёка не багатая, гэты паказчык амаль удвая вышэйшы і складае 131 тысячу долараў.
Узначальваюць сусветны рэйтынг Люксембург і Бельгія. Медыяннае багацце дарослага жыхара Люксембурга дасягае 394 тысяч долараў — амаль у шэсць разоў больш, чым у ЗША, а ў Бельгіі — 277 тысяч долараў, што прыкладна ў чатыры разы больш.
У выніку ЗША адначасова застаюцца сусветным лідарам па колькасці мільянераў і адной з краін, дзе сярэднія лічбы найбольш разыходзяцца з рэальнасцю, у якой жыве большасць людзей.
Пры гэтым справаздача UBS адзначае і пазітыўную тэндэнцыю. За апошнія 25 гадоў доля дарослых з чыстым багаццем меншым за 10 тысяч долараў скарацілася з 75% да 41%. Адначасова ўсё больш людзей пераходзіць у наступныя маёмасныя катэгорыі — ад 10 тысяч да 100 тысяч долараў і ад 100 тысяч да 1 мільёна. Адпаведна справаздачы, сёння каля 1,5% дарослых у свеце валодаюць актывамі на суму большую за 1 мільён долараў.
Цікава, што найбольшы працэнтны прырост колькасці доларавых мільянераў зафіксавалі ў Літве — 8%. За год іх там стала больш на 921 чалавека. У пяцёрку лідараў таксама ўвайшлі Турцыя, Латвія, Венгрыя і Ірландыя. Расія заняла шостае месца.
Што тычыцца Беларусі, то апошнія даступныя ацэнкі адносяцца да 2022 года. Тады медыяннае багацце дарослага беларуса ацэньвалася ў 18,5 тысячы долараў, а сярэдняе — у 34,8 тысячы.
У сусветным рэйтынгу Беларусь тады апынулася ў адной групе з такімі краінамі, як Мексіка, Чылі, Коста-Рыка, Іран і Албанія, дзе медыяннае багацце складала ад 17 да 20 тысяч долараў.
Чытайце таксама:
У сучасным свеце 10% багацеяў зарабляюць больш, чым рэшта насельніцтва Зямлі
Апублікавалі рэйтынг самых маладых мільярдэраў свету
Грошы грабуць акцыянеры, а не нанятыя работнікі: такая цяпер эканоміка, і будзе яшчэ горш (ці лепш?)