У Ружанскім палацы ўладкуюць гатэль
У Ружанскім палацавым комплексе роду Сапегаў плануюць адкрыць невялікі гатэль. Пра гэта паведаміў старшыня Брэсцкага аблвыканкама Пятро Пархомчык, піша БелТА.
Ружанскі палацавы комплекс. Фота: БелТА
Гатэль размесцяць ва Усходнім корпусе палаца, які цяпер знаходзіцца на рэстаўрацыі. Паводле распрацаванай канцэпцыі, там будзе невялікая колькасць нумароў, а таксама шматфункцыянальная зала для правядзення культурных мерапрыемстваў. Пры стварэнні гатэля плануюць выкарыстаць вопыт уладкавання гасцініцы ў Косаўскім палацы.
Паводле слоў Пятра Пархомчыка, работы плануецца завяршыць цягам двух гадоў. Акрамя таго, цяпер улады Брэсцкай вобласці разглядаюць магчымасць аднаўлення і Заходняга корпуса Ружанскага палаца.
Праект уваходзіць у праграму развіцця турызму ў рэгіёне. Паводле даных аблвыканкама, за першыя чатыры месяцы гэтага года экспарт турыстычных паслуг у Брэсцкай вобласці павялічыўся амаль на 40 %.
Улады адзначаюць, што найбольш папулярнымі турыстычнымі аб'ектамі ў Брэсцкай вобласці застаюцца мемарыяльны комплекс «Брэсцкая крэпасць-герой», музей Напалеона Орды ў Варацэвічах Іванаўскага раёна, а таксама санаторыі паўднёва-заходняй часткі рэгіёна.
Чытайце таксама:
У Ружанах не далі загарэцца мясцоваму касцёлу
У Ружанах археолагі знайшлі фрагменты падмурка будынка часоў Льва Сапегі