БЕЛ Ł РУС

Пракуратура Германіі: За падрывам «Паўночных патокаў» стаіць украінская дзяржава

2.07.2026 / 23:12

Nashaniva.com

Федэральная пракуратура Германіі заявіла, што, паводле матэрыялаў следства, план падрыву газаправодаў «Паўночны паток» і «Паўночны паток — 2» быў распрацаваны па даручэнні дзяржаўных органаў Украіны. Такая інфармацыя змяшчаецца ў абвінаваўчым заключэнні, апублікаваным 2 ліпеня.

Уцечка газу пасля падрыву «Паўночнага патока» ў 2022 годзе

Абвінавачанне выстаўлена грамадзяніну Украіны Сяргею Кузняцову, якога следства лічыць датычным да дыверсіі. Паводле інфармацыі пракуратуры, у 2022 годзе ён быў афіцэрам украінскага войска. Сцвярджаецца, што пасля пачатку поўнамаштабнай вайны разам з іншымі вайскоўцамі ён удзельнічаў у падрыхтоўцы аперацыі, мэтай якой было спыніць пастаўкі расійскага газу ў Германію і пазбавіць Расію даходаў ад яго продажу.

Па гэтай справе праходзілі сем падазраваных, аднак адзін з іх загінуў падчас вайны ва Украіне. Сяргея Кузняцова затрымалі летам 2025 года ў Італіі, дзе ён знаходзіўся ў адпачынку. Цяпер ён утрымліваецца пад вартай у Гамбургу.

Пракуратура паведамляе, што мае дастатковыя падставы падазраваць яго ў саўдзеле ў «ваенным злачынстве» — нападзе на цывільныя аб'екты з выкарыстаннем выбуховых рэчываў, разбурэнні інфраструктурных аб'ектаў і парушэнні работы прадпрыемстваў.

Паводле інфармацыі нямецкай прэсы, сабраныя следствам доказы лічацца важкімі. У прыватнасці, паведамляецца, што падчас тэлефоннай размовы са сваякамі, зробленай з італьянскага следчага ізалятара, падазраваны нібыта казаў пра сваю датычнасць да выбухаў.

Выбухі на газаправодах «Паўночны паток» і «Паўночны паток — 2» адбыліся ў верасні 2022 года. У выніку былі пашкоджаныя тры з чатырох нітак трубаправодаў. На той момант газ па іх ужо не транспартаваўся: «Паўночны паток» быў спынены Расіяй незадоўга да выбухаў, а «Паўночны паток — 2» так і не пачаў камерцыйную эксплуатацыю.

Ніхто афіцыйна не ўзяў на сябе адказнасць за дыверсію. Расійскі бок раней заяўляў, што падазрае ў датычнасці да выбухаў ЗША і Вялікабрытанію.

Чытайце таксама:

Лідарка ўльтраправай «Альтэрнатывы для Германіі» паабяцала аднавіць імпарт нафты і газу з Расіі ў выпадку перамогі на выбарах

Пуцін прапанаваў Германіі аднавіць пастаўкі расійскага газу

Журналіст-расследавальнік: «Паўночны паток» падарвала былая ню-мадэль з Кіева

Лаўроў: ЗША хочуць забраць «Паўночны паток» і «Паўночны паток — 2»

Каментары да артыкула