БЕЛ Ł РУС

Рэлігія можа дзейнічаць на мозг як наркотык — у добрым сэнсе слова

2.07.2026 / 07:00

Ідаля Салавей

Даследчыкі выявілі, што прычынай з'яўляецца актывацыя натуральнай апіоіднай сістэмы мозгу — той самай, на якую ўздзейнічаюць гераін, марфін і іншыя апіоідныя абязбольвальнікі.

Першая камунія ў Беларусі. Фота: Наша Ніва

Чаму рэлігійныя рытуалы ўжо тысячагоддзямі прыцягваюць людзей і дапамагаюць вялікім супольнасцям захоўваць адзінства? Новае даследаванне навукоўцаў з Вялікабрытаніі і Бразіліі, на якое звяртае ўвагу Daily Mail, прапануе магчымае біялагічнае тлумачэнне гэтай з'явы.

У даследаванні ўдзельнічалі 265 дарослых з 24 рэлігійных супольнасцей Вялікабрытаніі і Бразіліі. У брытанскай частцы былі рэпрэзентаваныя хрысціяне розных канфесій — каталікі, англікане, метадысты, баптысты і прадстаўнікі цэркваў веры евангельскай.

Нягледзячы на канфесійныя адрозненні, структура набажэнстваў была вельмі падобнай. Яны ўключалі сумесныя малітвы, калектыўныя спевы, казані, моманты маўчання і час для зносін паміж вернікамі.

Стан удзельнікаў ацэньвалі да і пасля рытуалу: іх пыталіся пра настрой і пра тое, наколькі блізкімі яны адчуваюць сябе з іншымі членамі суполкі. Таксама вымяраўся іх болевы парог — агульнапрыняты ўскосны індыкатар актыўнасці натуральнай апіоіднай сістэмы арганізма.

Змяненне ўзроўню сацыяльнай згуртаванасці (A) і болевага парога (B) да і пасля рэлігійных рытуалаў ва ўдзельнікаў з Вялікабрытаніі (зялёны) і Бразіліі (ружовы). Пасля рытуалаў абодва паказчыкі ў сярэднім павышаліся. Фота: матэрыялы навуковага артыкула

Аналіз паказаў, што пасля набажэнства людзі адчувалі больш даверу, блізкасці і еднасці са сваёй супольнасцю. У іх паболела пазітыўных эмоцый і стала менш негатыўных. У сярэднім пасля рытуалу ўдзельнікі маглі вытрымаць мацнейшы боль, чым да яго.

Паводле аўтараў, апошняе сведчыць пра актывацыю μ-апіоіднай сістэмы мозгу. Яна ўдзельнічае ў рэгуляцыі болю, а таксама звязана з пачуццём узнагароды і задавальнення. Менавіта на яе ўздзейнічаюць гераін, марфін і іншыя апіоідныя абязбольвальныя, выклікаючы эйфарыю.

На думку аўтараў, атрыманыя вынікі падтрымліваюць «апіоідную тэорыю сацыяльнай прыхільнасці». Паводле яе, узаемадзеянне з блізкімі людзьмі выклікае лёгкі натуральны «апіоідны кайф», які стварае пачуццё цеплыні, бяспекі і глыбокай эмацыйнай сувязі.

Рэлігійныя рытуалы, як мяркуюць даследчыкі, маглі стаць спосабам перанесці гэты механізм з асабістых адносін на вялікія супольнасці. Дзякуючы сумесным спевам, сінхронным рухам, малітве і адчуванню саўдзелу людзі пачыналі адчуваць блізкасць не толькі да асобнага чалавека, але і да ўсёй групы.

Даследчыкі падкрэсліваюць, што іх праца не азначае, нібыта рэлігійныя абрады дзейнічаюць гэтак жа, як наркотыкі. Гаворка ідзе толькі пра тое, што ў абодвух выпадках можа актывавацца адна і тая ж біялагічная сістэма.

Механізмы гэтай актывацыі прынцыпова розныя. Гераін, марфін і некаторыя моцныя апіоідныя абязбольвальнікі непасрэдна ўздзейнічаюць на апіоідныя рэцэптары мозгу, выклікаючы эйфарыю. Іншыя псіхаактыўныя рэчывы, у тым ліку алкаголь, нікацін і прэпараты на аснове канопляў, стымулююць выпрацоўку ўласных апіоідаў. Рэлігійныя ж рытуалы, паводле аўтараў даследавання, могуць узмацняць натуральную актыўнасць гэтай сістэмы без ужывання якіх-небудзь рэчываў.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула