БЕЛ Ł РУС

Беларусам стане складаней уладкавацца кіроўцам буса ў Еўрасаюзе, дый саміх прапаноў стане менш. Вось у чым праблема

25.06.2026 / 09:00

Nashaniva.com

З 1 ліпеня 2026 года ў Еўрасаюзе пачнуць дзейнічаць новыя правілы, якія рэгулююць працу кіроўцаў катэгорыі В.

Ілюстрацыйны здымак. Фота: Getty Images / Zoomstudio

Новая рэальнасць для еўрапейскіх перавозчыкаў

З 1 ліпеня 2026 года ў Еўрасаюзе пачынаюць дзейнічаць новыя правілы мабільнасці, якія рэгулююць працу кіроўцаў.

Асноўныя змены тычацца транспартных сродкаў з дазволенай максімальнай вагой да 3,5 тоны (бусы пад катэгорыю В).

Паводле новых нормаў, цяпер амаль ва ўсіх выпадках мікрааўтобусы з агульнай вагой больш за 2,5 тоны мусяць быць абсталяваныя сучасным інтэлектуальным тахографам другога пакалення.

Для таго, каб ім карыстацца, кіроўца мусіць мець не толькі правы катэгорыі В, але і адмысловую «чып-картку кіроўцы».

Таму цяпер беларусам, як і іншым ахвотным уладкавацца на бус у Еўрасаюзе, давядзецца спачатку зрабіць гэтую карту, бо без яе працаваць забаронена.

Як зрабіць чып-картку?

Перад тым, як падаць заяўку на атрыманне карты кіроўцы, якая дазволіць працаваць, заяўнік мусіць прайсці медыцынскую камісію і здаць псіхатэсты.

Напрыклад, у Польшчы падаць заяўку на атрыманне чып-карткі можна як анлайн, так і праз звычайную пошту. Заявы, дасланыя электронным чынам, разглядаюць сем працоўных дзён, а дасланыя ў папяровым выглядзе — да 30 дзён.

Картка платная, каштуе 172,2 злотага (каля 40 еўра).

Пры гэтым праходзіць спецыяльнае навучанне і атрымліваць дадатковыя сертыфікаты для кіроўцаў катэгорыі В не трэба. Але адвесці нейкі час на прагляд відэа з інструкцыямі па выкарыстанні тахографа давядзецца.

Таксама трэба дакладна вывучыць рэжым працы і адпачынку, каб не парушыць правілы і не атрымаць штраф.

Ілюстрацыйны здымак. Фота: Getty Images / Matsou

Што яшчэ прынясе з сабой новы пакет мабільнасці?

Апроч таго, што працаўладкаванне стане крыху больш складаным і працяглым па тэрміне, у кіроўцаў цалкам зменіцца рэжым працы. Цяпер яны будуць працаваць па тым жа раскладзе, што і кіроўцы грузавікоў катэгорыі С/СЕ.

Раней на бусах пад катэгорыю В наяўнасць тахографа была неабавязковай. Але ў некаторых краінах, як, напрыклад, у Германіі, трэба было весці папяровы ўлік працы і адпачынку. І паколькі паперы можна было перапісваць нанова, то кіроўцы бусаў вельмі часта мелі вялікія перапрацоўкі.

У частцы краін ЕС нават папяровыя тахографы весці не патрабавалі, таму перапрацоўка для кіроўцаў бусаў катэгорыі В была звыклай справай.

Менавіта праз гэта рэгулятар і знізіў планку з 3,5 да 2,5 тоны, калі можна працаваць без тахографа.

Перспектыў з катэгорыяй В будзе менш

З іншага боку, гэта прыводзіць да таго, што самой працы на бусах стала менш, бо частка транспартных кампаній адмовілася ад такога фармату перавозак ці прынамсі скараціла колькасць такіх машын у парку, аддаўшы перавагу бусам і грузавікам пад катэгорыю С.

Таму знайсці працу на бусе, маючы толькі В катэгорыю, стане складаней.

Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

Выхад ёсць?

Але не ўсе гатовыя адмаўляцца ад перавозак без перапрацовак. На еўрапейскім рынку актыўна прасоўваюць невялікія грузавічкі з агульнай дапушчальнай вагой да 2,5 тоны.

Такі транспартны сродак не вымагае ўсталявання тахографа, таму на ім, як і раней, можна дастаўляць грузы, не азіраючыся на рэжым працы і адпачынку.

Нягледзячы на агульную дапушчальную вагу 2490 кілаграмаў, некаторыя такія грузавічкі маюць вялікі грузавы адсек на 5 еўрапалет і грузапад'ёмнасць каля 900 кілаграмаў.

Piaggio Porter NP6. Фота: otomoto.pl

Зразумела, што захаваць такую даволі высокую грузапад'ёмнасць атрымалася за кошт скарачэння вагі самога мікрааўтобуса. Таму кабіна ў Piaggio Porter NP6 цесная, як у малалітражцы.

Ды і спальны адсек таксама. А каб больш-менш росламу кіроўцу не даводзілася згінаць ногі ў каленках, у спальніку нават прадугледжаны адкідны адсек для ног.

Як стаць кіроўцам фуры ў Еўропе і колькі гэта каштуе, мы пісалі раней. 

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула