БЕЛ Ł РУС

Кароль Нідэрландаў запаліў на мундыялі: заўзеў супраць Швецыі, а потым патанчыў у раздзявальні Кюрасаа

22.06.2026 / 08:32

Міраслаў Яноўскі

Каралеўская сям'я наведала за сем гадзін два матчы: Нідэрланды — Швецыя і Кюрасаа — Эквадор.

Фота: Stefan Koops/EYE4IMAGES/NurPhoto via Getty Images

Каралеўская сям’я Нідэрландаў прыбыла на чэмпіянат свету, дзе ў суботу правяла прыемны дзень: іх парадавалі зборныя абедзвюх краін, што ўваходзяць у склад каралеўства.

Фота: Koen Van Weel / ANP (Photo by ANP via Getty Images

Нідэрландцы ў Х'юстане разграмілі Швецыю — 5:1. Кароль Вілем Аляксандр, каралева Максіма і 19‑гадовая прынцэса Арыяна горача заўзелі на трыбунах.

Потым кароль схадзіў у распранальню, дзе абаронца Вірджыл ван Дэйк не ўпусціў магчымасці зрабіць сэлфі.

Галкіпер Барт Вербруген таксама зрабіў фота з Вілемам-Аляксандрам: «Гэта было прыемна. Кароль сказаў, што я добра згуляў і што яму спадабаўся матч». 

А потым каралеўская сям'я паляцела ў Канзас-сіці, дзе Кюрасаа дамаглося гістарычнай нічыёй з Эквадорам (0:0). Яна прысутнічала на абедзвюх гульнях — і гэта было весела.

Яны нават адклалі ўбок аранжавыя колеры і пераапрануліся ў сіняе бо мянушка астраўной каманды — «Сіняя хваля». І сцяг у Кюрасаа сіні — адсылка да неба і Карыбскага мора, піша sports.ru.

Фота: Alex Pantling — FIFA/FIFA via Getty Images

Пасля матчу манарх зайшоў у раздзявальню, каб павіншаваць Дзіка Адваката і ўсю зборную з першым набраным балам на чэмпіянатах свету.

Фота: Alex Pantling — FIFA/FIFA via Getty Images

Атмасфера была вельмі расслабленая — ніякага афіцыёзу, высокія госці проста патанцавалі разам з гульцамі.

King Willem-Alexander and Queen Máxima of the Netherlands joined Curaçao's players in celebrating a historic moment on Saturday after the Caribbean nation earned its first-ever FIFA Women's World Cup point with a goalless draw against Ecuador.

The Dutch royal couple began their… pic.twitter.com/Mwr0Or60ux

— Kung-Fu Joe (@kgoatlapa) June 21, 2026

На матчы Вілем-Аляксандр сядзеў побач з Джані Інфанціна, а пасля гульні выдаў невялікі стэндап: «Я тут госць ФІФА, таму калі на матчы прысутнічае Інфанціна, я сяджу побач з ім. Але, магчыма, я паспеў прапанаваць яму некалькі кандыдатур на Прэмію міру на найбліжэйшыя гады.

Калі казаць пра гульню, то некалькі разоў я нават глядзеў, дзе знаходзіцца дэфібрылятар, бо ён мог мне спатрэбіцца. Часам гэта было не вельмі карысна для майго сэрца. Я ўдзячны, што змог трапіць у гэтую раздзявальню ад імя астатніх 18 мільёнаў трэнераў зборнай». 

У трэцім туры Кюрасаа ў Філадэльфіі згуляе з Кот д'Івуарам, а Нідэрланды ў Канзас-сіці з Тунісам.

Кюрасаа — невялічкая выспа ў Карыбскім моры з насельніцтвам 155 тысяч чалавек. Самакіраванае тэрытарыяльнае ўтварэнне ў складзе Нідэрландаў. Востраў мае шырокую аўтаномію: уласны ўрад, парламент, канстытуцыю і заканадаўства, але за знешнюю палітыку і абарону адказваюць Нідэрланды. Але з'яўляецца членам ФІФА, як Гібралтар ці Фарэрскія выспы.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула