Яраслаў Чарнагор пра інтэрв'ю Лукашэнкі: Уважліва слухаем, але абсалютна не давяраем яго словам
Прадстаўнік Міністэрства замежных спраў Украіны па асаблівых даручэннях Яраслаў Чарнагор, адказны за кантакты з беларускімі дэмакратычнымі сіламі, у каментары выданню «Укрінфарм» заявіў, што змякчэнне рыторыкі Аляксандра Лукашэнкі адносна Украіны звязана з разуменнем магчымых наступстваў для яго асабіста і для беларускага рэжыму.
Яраслаў Чарнагор
Па словах Чарнагора, Лукашэнка атрымаў сігналы ад Украіны, у тым ліку пасля візіту Святланы Ціханоўскай, інтэрв’ю Уладзіміра Зяленскага і заяў міністра замежных спраў Украіны Андрэя Сібігі, пра занепакоенасць узмацненнем расійскага ўплыву ў Беларусі.
На думку дыпламата, Лукашэнка зразумеў, што ранейшая жорсткая рыторыка ў адрас Украіны можа мець сур’ёзныя наступствы, таму паспрабаваў знізіць напружанасць і папрасіў прабачэння за свае рэзкія выказванні пра Зяленскага.
Разам з тым Чарнагор адзначыў, што Кіеў не мае падстаў цалкам давяраць заявам Лукашэнкі пра нежаданне ўдзельнічаць у вайне.
«Нам трэба мець на ўвазе, што самастойнасць Беларусі вельмі абмежаваная расійскім уплывам. Магчыма, асабіста ў Лукашэнкі няма планаў нападу на Украіну. Але калі Пуцін скажа, то беларуская армія выканае гэтыя загады праз сваіх кіраўнікоў. Таму ўважліва слухаем, але абсалютна не давяраем яго словам», — перасцярог Яраслаў Чарнагор.
Ён таксама заявіў, што Украіна не мае намеру пачынаць вайну з Беларуссю, але будзе ліквідаваць любую пагрозу, калі яна будзе паходзіць з беларускай тэрыторыі.
«Я не думаю, што Лукашэнка ўсе тэзісы сваіх інтэрв’ю ўзгадняе з Крамлём. Магчыма, у нейкія моманты ён шчыры ў сваім нежаданні ваяваць, бо правільна назваў рызыкі: у выпадку нейкага завастрэння вайна перакінецца на тэрыторыю Беларусі і ён страціць як мінімум палову свайго эканамічнага патэнцыялу, а ўлічваючы сучасныя вайсковыя тэхналогіі — дроны, ракеты, — для нанясення паразы рэжыму Лукашэнкі не трэба непасрэдна ўводзіць войскі», — адзначыў дыпламат.
Чытайце таксама:
Пасол Украіны па пытаннях Беларусі: Пазіцыя Ціханоўскай дакладна не пацыфісцкая
Лукашэнка ўпершыню заклікаў і Расію «пайсці на кампраміс»