БЕЛ Ł РУС

На Рэспубліканскую дошку гонару цяпер будуць заносіць па-новаму

15.06.2026 / 17:59

Nashaniva.com

У Беларусі змянілі канцэптуальныя падыходы да адбору пераможцаў для занясення на Рэспубліканскую дошку гонару. Адпаведны ўказ 15 чэрвеня падпісаў Аляксандр Лукашэнка.

Фота ілюстрацыйная

Зменамі конкурс намерваюцца зрабіць больш адкрытым і прыцягнуць да ўдзелу ў ім больш шырокае кола арганізацый. Урад распрацуе адзіны парадак правядзення адбору, а інфармацыя пра яго пачатак і ўмовы будзе больш шырока распаўсюджвацца.

З гэтага часу дзяржаўныя органы змогуць самі, без пасярэднікаў прапаноўваць арганізацыі для ўдзелу ў конкурсе. Таксама скасавана ранейшае абмежаванне, паводле якога пераможцы не маглі трапляць на дошку гонару два гады запар.

Павялічыцца і колькасць намінацый: з’явіліся 14 новых катэгорый у сферах вытворчасці і паслуг, што дазволіць адзначаць дасягненні большай колькасці арганізацый.

Для пераможцаў увядуць і новы фармат ушанавання — разам з занясеннем на Рэспубліканскую дошку гонару ім будуць уручаць спецыяльны ганаровы знак. Таксама плануецца больш актыўна расказваць у дзяржаўных сродках масавай інфармацыі пра вопыт і поспехі пераможцаў.

Чытайце таксама:

Найлепшым дворнікам Магілёва стаў цемнаскуры беларус з гвінейскімі каранямі

Галоўны мост Магілёва хочуць назваць у гонар савецкага разведчыка. Але ёсць гістарычная нестыкоўка

Нацыянальны пантэон ці пахавальня нацыі? Як дзяржаўная ідэалогія забірае ў беларусаў суб'ектнасць і будучыню

Каментары да артыкула