Сямейнай пары работнікаў дзіцячага садка далі за «здраду дзяржаве» і «кантрабанду зброі» 12 і 14 гадоў. Вось што кажуць сябры сям'і
Дзмітрыя і Таццяну Корсакавых, работнікаў мінскага дзіцячага садка, асудзілі за здраду дзяржаве і кантрабанду зброі. Украінская сяброўка Пелагіі, дачкі Корсакавых, расказала «Нашай Ніве», што яна ведае пра гэтую гісторыю.
Дзмітрый і Таццяна Корсакавы. Фота: сацсеткі
57‑гадовая Таццяна Корсакава шмат гадоў адпрацавала выхавацелькай у дзіцячым садку №518, што ў мінскім мікрараёне Сокал. Працавала яна і з дзецьмі з інклюзіўнай групы, у тым ліку з дзецьмі, якія мелі аўтызм. Яе муж, 56‑гадовы Дзмітрый, займаецца рамонтамі, працаваў рабочым у адным садку з жонкай.
Сяброўка Пелагіі кажа, што сілавікі арыштавалі Корсакавых 26 верасня 2025-га. Да Корсакавых прыйшлі пад вечар, у іх зладзілі вобшук. Таксама сілавікі пазванілі Пелагіі, дачцэ Дзмітрыя і Таццяны, якая цяпер жыве ва Украіне, і прымусілі Дзмітрыя Корсакава сказаць ёй, што маці знаходзіцца ў бальніцы.
Пазней аказалася, што гэта няпраўда. Сяброўка Пелагіі лічыць, што на дзяўчыну ціснулі, каб прымусіць яе вярнуцца ў Беларусь:
«Яны казалі ёй, што яна павінна прыехаць, каб бацькоў адпусцілі. Маўляў, вы павінны разумець, што гэта палепшыць сітуацыю», — расказвае суразмоўца.
З таго часу Корсакавы знаходзяцца за кратамі. Дзмітрыя і Таццяну абвінавацілі ў здрадзе дзяржаве (ч.1 арт. 356 КК), незаконных дзеяннях са зброяй і боепрыпасамі (ч. 4 арт. 295 КК) і незаконным перамяшчэнні такіх рэчаў праз мяжу (ч.3 арт. 333‑1 КК).
Дачка Корсакавых Пелагія да 2020‑га працавала ў тым жа дзіцячым садку №518, удзельнічала ў пратэстах, а ў верасні 2021‑га пераехала ва Украіну.
З пачаткам поўнамаштабнай вайны дзяўчына вырашыла не выязджаць у больш бяспечную краіну, а валанцёрыць. Акрамя асноўнай працы эсэмэмшчыцай, Пелагія, напрыклад, займаецца эвакуацыяй цывільных асобаў і каардынуе працу валанцёраў у выпадках прылётаў ракет. Яна прыязджае на месца, куды здарыўся прылёт, дапамагае людзям пасля абстрэлаў прывесці кватэры ў парадак, наколькі гэта магчыма.
Сяброўка Пелагіі кажа, што дзяўчына часам магла даслаць бацькам відэа, знятыя ва Украіне — напрыклад, відэа з пралётам ракеты. Магчыма, лічыць суразмоўца, нешта з тых відэа магло быць выкарыстанае сілавікамі ў справе.
«Яны ва Украіну за час з 2022‑га не ездзілі, толькі выязджалі да нейкіх родзічаў у Расію», — расказвае суразмоўца.
Сілавікі спрабавалі выйсці на сувязь з Пелагіяй яшчэ да затрымання яе бацькоў. Дзяўчыне званілі і хлусілі, што яе маці ў бальніцы — маўляў, таму тэрмінова трэба, каб яна прыехала ў Беларусь і да маці.
Пра тое, у якім стане цяпер Корсакавы, інфармацыі няма.
«Пелагіі цяжка ад той несправядлівасці, што [лукашэнкаўцы] дзейнічаюць фашысцкімі метадамі. Гэта жудасна, такога не павінна быць. Мы жывём у ХХІ стагоддзі, калі гэта проста не змяшчаецца ў галаве», — кажа сяброўка дзяўчыны.
Дзмітрыю Корсакаву прысудзілі 14 гадоў зняволення, Таццяне Корсакавай — 12 гадоў, а таксама патрабаванне пакрыць штраф у памеры 50 тысяч рублёў. Пелагіі — завочныя 11 гадоў.
«Наша Ніва» не можа праверыць ані інфармацыю, атрыманую ад сяброўкі Пелагіі Корсакавай, ані абвінавачванні, выстаўленыя ўладамі.
Чытайце таксама:
62‑гадовую грамадзянку Украіны амаль год утрымліваюць на Акрэсціна без абвінавачвання