«Я стаў знакамітым пісьменнікам, ён таксама знайшоў нармальную працу». Філіпенка раскрыў, што пісаў жарты для Зяленскага
У «ПіКу Свабоды» пісьменнік Саша Філіпенка расказаў пра ягоны візіт у Кіеў разам з камандай Святланы Ціханоўскай, жарты для Зяленскага і новую кнігу.
Саша Філіпенка ў Кіеве, фота фэйсбук пісьменніка
— Як вы трапілі ў дэлегацыю? Вас запрасілі ці вы самі папрасіліся?
— Давайце будзем лічыць, што я сам папрасіўся. Я зараз пішу кніжку, у якой ёсць таксама падзеі, што адбываюцца ва Украіне. Для нас гэта важныя падзеі, таму што там ёсць нашы ваяры, таму што там шмат беларусаў, таму што гэта важна для нашай гісторыі — тое, што адбываецца ва Украіне. Мне здавалася важным там апынуцца. Па-першае, гэта быў важны візіт, нейкая гістарычная падзея. І ў гэтым сэнсе было шмат прычын там быць.
— Вы гаварылі ў адным з інтэрв’ю, што калісьці пісалі жарты для Уладзіміра Зяленскага і ягонай каманды. Можаце ўспомніць, што гэта былі за жарты?
— Гэта было вельмі даўно. Гэта быў яшчэ фестываль «Новая хваля». У іх заўсёды былі свае аўтары і сцэнарысты, але былі нейкія канцэрты, якія мы пісалі разам. Апошні раз гэта было, здаецца, у 2012 годзе. І з таго часу я стаў знакамітым пісьменнікам, а ён таксама знайшоў нармальную працу.
— Уладзімір Зяленскі пажартаваў пра Аляксандра Лукашэнку, які казаў, што надышоў час сустрэцца з прэзідэнтам Украіны і Беларусі, і вось Святлана Ціханоўская якраз у Кіеве. Як вы думаеце, гэта быў яго ўласны жарт ці падрыхтаваная рэпліка?
— Мне здаецца, што гэта быў напісаны жарт. Па-першае, гэты жарт прагучаў яшчэ за дзень да таго — нехта з украінскіх палітыкаў ужо яго выкарыстаў. А потым Зяленскі яго паўтарыў. Але, як добры вядоўца, ён вельмі добра гэты жарт «прадаў» у зале. Усе смяяліся. Было відаць, што ён не страціў яшчэ гэтага майстэрства «прадаваць» жарты.
— Ці атрымалася ў вас пагаварыць хаця б каротка з Уладзімірам Зяленскім?
— Канешне не. Падчас гэтай вялізнай канферэнцыі ў яго кожная секунда была распісаная. Мы не размаўлялі — не было ні часу, ні магчымасці. Увесь гэты час былі прылёты, складаныя сітуацыі з бяспекай. Цяжка ўявіць, што ў Зяленскага цяпер ёсць магчымасць пагаварыць пра літаратуру. Мне здаецца, яму зараз крыху не да гэтага.
— А што б вы яму сказалі, калі б знайшліся дзве—чатыры хвіліны?
— Напэўна, пагаварылі б пра тое, якое неверагоднае бывае жыццё. Пра тое, дзе мы былі дзесяць гадоў таму і дзе ўсе мы цяпер апынуліся. Мне здаецца, калі ты сустракаешся з такімі людзьмі, якія так стаміліся за гэты час, то лепшае, што можна зрабіць, — увогуле не размаўляць і даць чалавеку хаця б чатыры хвіліны адпачынку. Я падпісаў яму кнігу «Слон» і пажадаў перамогі. Напэўна, гэта галоўнае, што хацелася сказаць.
— Не магу не спытаць пра новую кнігу. Я так разумею, там будуць і беларускія добраахвотнікі? Ці будзе там Святлана Ціханоўская?
— Я не буду нічога распавядаць пра новую кнігу, таму што я яе яшчэ пішу і нават сам не ведаю, што ў ёй будзе. Я думаю, што там будзе беларуская гісторыя, тое, што з намі адбываецца цяпер, тая кропка, у якой мы апынуліся. Але цяжка пра гэта казаць, таму што працэс напісання кнігі такі: нібыта ты ведаеш, куды ідзеш, але ніколі не ведаеш, куды прыйдзеш. Але гэта не палітычны раман і не кніга пра тое, як працуе штаб Ціханоўскай ці беларускія палітыкі. Магчыма, ён будзе крыху падобны да «Былога сына» — пра наша жыццё цяпер.
— Вы ўжо не першы раз побач са Святланай Ціханоўскай падчас яе візітаў. Я памятаю ваш вельмі яркі выступ у Радзе Еўропы. Як вы на яе глядзіце як пісьменнік? Якое ваша ўражанне?
— У мяне вельмі добрае ўражанне. Напрыклад, мы былі разам у Жэневе, выступалі з Алесем Бяляцкім. І, здаецца, гэта быў яго апошні выступ перад вяртаннем у Беларусь і арыштам.
Першае, што я сказаў Святлане Ціханоўскай, калі мы пазнаёміліся: я не вельмі люблю палітыкаў і лічу, што ўсе палітыкі — гаўнюкі. Яна паглядзела на мяне і сказала: «Я таксама так лічу».
І пасля гэтага стала прасцей размаўляць. Мы не часта бачымся — можа, раз на некалькі месяцаў. Але мне вельмі прыемна назіраць, што Святлана Ціханоўская застаецца тым самым чалавекам, якога я пабачыў у 2020 годзе. Яна застаецца простай, рэагуе на жарты. Я не працую з ёй кожны дзень, але для мяне яна застаецца вельмі чалавечнай.
— Візіт Святланы Ціханоўскай ва Украіну многія называюць гістарычным. Якая ваша ацэнка?
— Мне здаецца, што гэта быў вельмі важны і ўплывовы візіт. Я быў у зале падчас выступу Зяленскага. Ён казаў пра прадстаўнікоў розных краін — Швейцарыі, Польшчы, Германіі — і асобна назваў Святлану Ціханоўскую. Яна была адзіным палітыкам, чыё імя ён асобна вылучыў. Калі ён жартаваў пра прэзідэнта Беларусі, усе ўжо разумелі, што гаворка пра Ціханоўскую. І мне здаецца, гэта вельмі важна. Бо ёсць разуменне, што ў беларусаў ёсць свой прэзідэнт, які не стаў прэзідэнтам толькі таму, што ў яго скралі гэтую магчымасць. Гэта быў вельмі важны сігнал для Мінска. І, канешне, гістарычная падзея. Хаця, на мой погляд, яна павінна была адбыцца яшчэ ў 2020 годзе, а не цяпер.