Джон Коўл паабяцаў звярнуць асаблівую ўвагу на лёс адной з палітзняволеных
Былы палітзняволены Сяргей Спарыш у адным з відэа у сацсетцы X звярнуўся да спецпрадстаўніка прэзідэнта ЗША Джона Коўла, адказнага за камунікацыю з Лукашэнкам па справе вызвалення палітвязняў з просьбай звярнуць асаблівую ўвагу на лёс 19‑гадовай палітзняволенай Аляксандры Пуліновіч. І атрымаў публічны адказ.
Джон Коўл зрабіў рэпост звароту Сяргея Спарыша на сваю старонку і напісаў:
«Падчас маёй наступнай паездкі ў Беларусь я згадаю тваю сяброўку».
Аляксандра Пуліновіч — беларуская палітзняволеная, затрыманая 12 студзеня 2024 года па так званай справе «Чорных салаўёў». Яна нарадзілася 12 лютага 2007 года і на момант затрымання была непаўналетняй.
Яе абвінавацілі ў псаванні маёмасці, незаконных дзеяннях з выбуховымі рэчывамі і падрыхтоўцы тэрарыстычнага акту. Паводле прысуду, вынесенага ў 2025 годзе, дзяўчыну асудзілі да 10 гадоў і 3 месяцаў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.
Пра справу шырока паведамлялася ў прапагандысцкім фільме на дзяржаўным тэлеканале АНТ пад назвай «Дзеці на прыцэле. Завербаваныя ворагам». У ім сцвярджалася, што група беларускіх падлеткаў нібыта супрацоўнічала з украінскімі спецслужбамі і рыхтавала дыверсіі. Паводле версіі дзяржаўных медыя, некалькі маладых людзей стварылі анархісцкую групу «Чорныя салаўі», якую нібыта каардынавала грамадзянка Украіны Марыя Місюк.
Сярод затрыманых па гэтай справе былі навучэнцы каледжаў з розных гарадоў Беларусі. Следства сцвярджала, што яны збіраліся ў Баранавічах і нібыта планавалі выраб выбухоўкі для нападу на будынак міліцыі або пракуратуры.
Пасля суда Аляксандру Пуліновіч разам з іншымі фігурантамі справы ўнеслі ў беларускі спіс асобаў, якіх улады лічаць датычнымі да экстрэмісцкай дзейнасці, а таксама ў так званы «спіс тэрарыстаў» КДБ. Гэта азначае, што ёй забароненыя грашовыя пераводы падчас зняволення.
Спачатку дзяўчыну ўтрымлівалі ў СІЗА №7 у Брэсце, а цяпер яна адбывае пакаранне ў калоніі №4 ў Гомелі.
Чытайце таксама:
Бацька аднаго з маладзёнаў, асуджаных па справе «Чорных салаўёў», запісаў відэазварот да Лукашэнкі
Па справе «чорных салаўёў» падлеткаў асудзілі на тэрмін ад 10 да 13 гадоў
Вызваленая 18‑гадовая палітзняволеная Марыя Місюк
Сілавікі затрымалі семярых падлеткаў, якіх вінавацяць у тэрарызме і здрадзе дзяржаве