БЕЛ Ł РУС

Спявачка Боні Тайлер пасля тэрміновай аперацыі трапіла ў кому

7.05.2026 / 23:13

Nashaniva.com

Паводле паведамленняў партугальскіх медыя, вядомая брытанская спявачка Боні Тайлер пасля тэрміновай аперацыі на кішэчніку знаходзіцца ў стане штучнай комы.

Боні Тайлер. Фота: AP Photo/Alastair Grant

Паведамляецца, што 74‑гадовай артыстцы стала дрэнна яшчэ 30 красавіка ў Партугаліі, дзе яна жыве частку часу. У яе пачаліся моцныя болі ў жываце, пасля чаго спявачку шпіталізавалі ў бальніцу горада Фару і правялі аперацыю.

Напярэдадні менеджар Тайлер казаў, што аперацыя прайшла паспяхова, аднак цяпер дактары пакуль не даюць прагнозаў адносна яе стану. Таксама невядома, што будзе з канцэртамі, якія былі запланаваныя на май і чэрвень у розных краінах Еўропы.

Раней у 2025 годзе спявачка ўжо перанесла аперацыю на калене, з-за чаго была вымушаная часткова змяніць гастрольны графік. Тады яна казала, што працягвае выступаць і падтрымлівае форму з дапамогай хатніх заняткаў пілатэсам.

Боні Тайлер, сапраўднае імя якой Гейнар Хопкінс, нарадзілася ва Уэльсе і стала сусветна вядомай у 1970— 1980‑х гадах. Найбольшую славу ёй прынесла песня Total Eclipse of the Heart. Таксама шырока вядомыя яе хіты Holding Out for a Hero і It’s a Heartache.

У 2013 годзе яна прадстаўляла Вялікабрытанію на «Еўрабачанні», а ў 2023 годзе атрымала званне кавалера Ордэна Брытанскай імперыі.

Чытайце таксама:

«Мы не пара»: Патап і Насця Каменскіх абвясцілі пра разрыў

У Мінск прыедзе нідэрландская зорка 2010-х. Вы дакладна чулі яе хіты This Is Love і Policeman

На канцэрт украінкі Мары Краймбрэры прадалі ўсю «Мінск-Арэну» — больш за 15 тысяч квіткоў

Тэйлар Свіфт дамагаецца прававой абароны фразы «Прывітанне, гэта Тэйлар Свіфт»

Каментары да артыкула