У Берліне затрымалі расійскага шпіёна з Казахстана
У Берліне затрымалі 47‑гадовага грамадзяніна Казахстана, якога ўлады Германіі падазраюць у шпіянажы на карысць расійскай разведкі. Пра гэта піша выданне Tagesschau са спасылкай на Генеральную пракуратуру Германіі.
Здымак ілюстрацыйны. Фота: vecteezy.com
Па матэрыялах следства, мужчына з мая 2025 года нібыта збіраў у Берліне інфармацыю для расійскіх спецслужбаў. Сцвярджаецца, што ён фатаграфаваў аб’екты, якія лічыў важнымі ў вайсковым або стратэгічным плане, а пасля перадаваў здымкі свайму куратару.
Сярод такіх аб’ектаў называюцца дзяржаўныя будынкі, службовы транспарт палітыкаў, аб’екты сілавых структур, вайсковыя калоны на аўтадарогах, у тым ліку тэхніка краін НАТА, а таксама прадпрыемствы абароннай прамысловасці, звязаныя з распрацоўкай беспілотнікаў і робататэхнікі.
Следчыя адзначаюць, што большасць здымкаў была зроблена ў агульнадаступных месцах, аднак гэта не выключае крымінальнай адказнасці за агентурную дзейнасць.
Асаблівую ўвагу нямецкіх праваахоўнікаў прыцягнула інфармацыя, што падазраваны нібыта прапанаваў стварыць групу і здзейсніць дыверсію на тэрыторыі Германіі. Паводле паведамленняў, ён заявіў, што «гатовы на ўсё».
Мужчыну затрымалі 28 красавіка і даставілі да суддзі, які павінен вырашыць пытанне аб заключэнні пад варту.
Чытайце таксама:
Стала вядома імя пятага абмененага шпіёна, якога Польшча аддала Расіі
Сярод перададзеных Польшчай Беларусі — таксіст з «Паспалітага рушэння» Уладзіслаў Надзейка
Лукашэнкаўскіх і расійскіх шпіёнаў на мяжы сустракалі з кветкамі ВІДЭА