БЕЛ Ł РУС

Ва Украіне часткова абвалілася сцяна Хацінскай крэпасці

18.04.2026 / 20:05

Nashaniva.com

У Чарнавіцкай вобласці Украіны часткова абвалілася вялікая сцяна Хоцінскай крэпасці, узведзенай на Днястры ў XIII стагоддзі. Праз аварыйную сітуацыю ніхто не пацярпеў, паведаміў мэр горада Хаціна Андрэй Дранчук, доступ турыстаў да аварыйнага ўчастка крэпасці абмежавалі, піша life.pravda.com.ua.

Фота: Андрій Дранчук / Facebook

Па словах Андрэя Дранчука, супрацоўнікі запаведніка «Хацінская крэпасць» і Дзяржаўнай службы па надзвычайных сітуацыях аператыўна адрэагавалі і абмежавалі доступ турыстычных груп да аварыйнай сцяны. Пра інцыдэнт паведамілі ў абласную вайсковую адміністрацыю, Міністэрства культуры і Міністэрства развіцця грамад і тэрыторый Украіны.

«Абвал вельмі істотны […] Максімальна далучаемся да пошуку фінансавання рэстаўрацыйных работ. З усім справімся», — напісаў Андрэй Дранчук.

Хацінская крэпасць, пабудаваная на месцы гарадзішча X стагоддзя, была адным з самых магутных абарончых збудаванняў такога роду ва Усходняй Еўропе. Замак шмат разоў перабудоўваўся. На працягу сямі стагоддзяў крэпасць была вайсковым фарпостам многіх дзяржаў, бо размяшчалася ў стратэгічна важным месцы каля межаў.

У 1621 годзе войска Рэчы Паспалітай, у складзе якога ваявалі нашы продкі з ВКЛ, перамагло пад Хацінам 160‑тысячную армію турэцкага султана Асмана II. Дзякуючы разгрому турэцкай арміі ўдалося аслабіць Асманскую імперыю і спыніць яе захопніцкія планы супраць Рэчы Паспалітай. У 1673 годзе тут адбылася яшчэ адна пераможная бітва аб’яднанага кароннага і літоўскага войска супраць асманаў.

У XX стагоддзі Хацінская крэпасць стала адным з самых папулярных ва Украіне турыстычных аб’ектаў. Старадаўняе гістарычнае збудаванне ўваходзіць у спіс «Сямі цудаў Украіны». На яе тэрыторыі дзейнічае дзяржаўны гісторыка-архітэктурны запаведнік «Хацінская крэпасць».

У снежні 2023 года там завяршылі рэстаўрацыю муроў, асобныя ўчасткі якіх знаходзіліся ў аварыйным стане.

Чытайце таксама:

У Бабруйскай крэпасці адрэстаўруюць казарму, у двары якой пабудавалі канцлагер

У Брэсцкай крэпасці царкоўнікі хочуць затынкаваць сведчанні вайны. Жыхары горада супраць

У старым Брэсце закансервуюць руіны кляштара бернардзінак

Старажытныя дубы расказалі, што адбывалася аж за стагоддзе да з'яўлення крэпасці на Менцы

Каментары да артыкула