БЕЛ Ł РУС

На Радаўніцу могілкі ў адселеных чарнобыльскіх вёсках можна наведваць без пропуску

14.04.2026 / 22:12

Nashaniva.com

З 18 па 21 красавіка дазволяць наведваць зоны радыяцыйнага забруджвання без пропускаў, але толькі з 8:00 да 17:00 і выключна для наведвання і ўпарадкавання могілак. Такі ж парадак будзе дзейнічаць 9 мая ў Хойніцкім раёне (могілкі вёскі Баршчоўка), паведамляе БелТА.

Здымак ілюстрацыйны

На тэрыторыі Палескага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка дзейнічаюць асаблівыя правілы: уезд і праход магчымы толькі пасля інструктажу на кантрольна-прапускных пунктах. Трэба мець пры сабе дакументы і быць гатовым да агляду транспарту.

У Нараўлянскім раёне да могілак некаторых адселеных вёсак (Белая Сарока, Хаткі, Хутар-Лес, Баровічы) можна будзе праехаць 19 і 21 красавіка з 10:00 да 15:00.

З сабой неабходна ўзяць пашпарт і дакументы на транспарт. Перад паездкай рэкамендуецца праверыць тэхнічны стан аўтамабіля, узяць рыдлёўку, трос і зараджаны тэлефон. Варта таксама загадзя ўдакладніць маршрут, бо дарогі там часта дрэнныя або іх няма, а могілкі могуць знаходзіцца ў лясах.

Строга забаронена адхіляцца ад маршруту, разводзіць вогнішчы, спальваць смецце, заходзіць у закінутыя будынкі і карыстацца мясцовымі крыніцамі вады. Рэкамендуецца мець зменнае адзенне, працаваць у пальчатках і, па магчымасці, у марлевай павязцы, а таксама браць ваду з сабой.

Асаблівую ўвагу трэба надаваць бяспецы дзяцей і пажылых людзей — дзеці павінны ўвесь час быць пад наглядам.

Таксама трэба ўлічваць, што частка тэрыторый знаходзіцца ў памежнай зоне. Іншаземцам і асобам без грамадзянства неабходна загадзя атрымаць спецыяльны пропуск.

У перыяд Радаўніцы на гэтых тэрыторыях будуць дзяжурыць супрацоўнікі міліцыі, МНС, лясной гаспадаркі і іншых службаў, а таксама арганізавана патруляванне.

Чытайце таксама:

Валачобніцтва і пакланенне каменным крыжам: якія велікодныя традыцыі захоўваюць беларусы

76‑гадовы слонімскі пенсіянер затрыманы за крадзяжы з дач і могілак. Узялі яго выпадкова

На Кальварыі адшукалі магілу аднаго з кіраўнікоў першай беларускай партыі, які нават з ссылкі дасылаў матэрыялы ў «Нашу Ніву»

На старажытных могілках у цэнтры Гродна знайшлі парэшткі маці і дзіцяці ў адной магіле

Каментары да артыкула