БЕЛ Ł РУС

Выйшаў новы том манаграфіі пра беларускія гаворкі ў Літве

14.04.2026 / 13:07

Nashaniva.com

У Вільні пры падтрымцы Інстытута літоўскай мовы выйшла манаграфія польскага беларусіста Міраслава Янковяка «Сучасныя беларускія гаворкі ў Літве. Том 2: Шальчынінкайскі раён», піша Рэформ.

Кніга выдадзеная на польскай мове, змяшчае рэзюмэ на англійскай і літоўскай.

У першым томе разглядаліся беларускія дыялекты, якія выкарыстоўваюцца ў паўднёвай частцы краіны (Варэнскі раён). Гэты том знаёміць чытача з Шальчынінкайскім раёнам, у якім разам з Віленскай акругай фіксуецца гістарычна даволі аднастайны і моцна паланізаваны шэраг беларускіх дыялектаў. З беларускага боку Шальчынінкайскі (або Салечніцкі) раён мяжуе з Воранаўскім, Іўеўскім і Ашмянскім раёнамі Гарадзенскай вобласці.

Як і першая манаграфія, прысвечаная Варэнскаму раёну Літвы, новая кніга змяшчае нарыс пра сацыялінгвістычную сітуацыю ў рэгіёне і ўласна характарыстыку мясцовых беларускіх гаворак (фанетыка, марфалогія, сінтаксіс, лексіка). Важныя складнікі выдання — тэматычны слоўнік, свежыя дыялектныя тэксты і фотаздымкі.

Усяго ў гэтай серыі плануецца шэсць тамоў. Манаграфіі пра Варэнскі і Шальчынінкайскі (Салечніцкі) раёны ўжо выйшлі, наперадзе — падобныя даследаванні пра Віленскі, Троцкі, Свянцянскі ды Ігналінскі раёны.

Выданне можна набыць у кнігарні Інстытута літоўскай мовы (P. Vileišio g. 5, Vilnius).

Чытайце таксама:

Там, дзе стагоддзе таму гучала беларуская мова, сёння пануе польская. Што засталося ад беларускіх гаворак у Літве

Апошнія беларускія галасы. У Латгаліі поўнасцю вымерла беларуская мова

Каментары да артыкула