Трамп хоча павялічыць вайсковы бюджэт ЗША адразу на 40%
Адміністрацыя Дональда Трампа прапанавала Кангрэсу ЗША рэкордны вайсковы бюджэт — каля 1,5 трыльёна даляраў на 2027 фінансавы год, паведамляе Bloomberg. Гэта прыкладна на 40% больш, чым цяперашнія выдаткі на абарону.
Дональд Трамп. Фота: Chip Somodevilla / Getty Images
Павелічэнне тлумачыцца вайной з Іранам і неабходнасцю папоўніць запасы ўзбраення.
Плануецца, што асноўная частка сродкаў (больш за 1,1 трыльёна) будзе выдадзена праз стандартную бюджэтную працэдуру, а яшчэ каля 350 мільярдаў — праз спецыяльны механізм узгаднення бюджэту.
Каб знайсці грошы, прапануецца скараціць выдаткі на ўнутраныя праграмы прыкладна на 73 мільярды даляраў. У прыватнасці, могуць быць зменшаныя фінансаванне аховы здароўя, адукацыі, жыллёвых і экалагічных праграм. Частку гэтых абавязкаў прапануюць перакласці на ўлады штатаў.
У той жа час павялічацца выдаткі на сілавыя структуры: дадатковыя сродкі плануюць накіраваць на ахову межаў, дэпартацыі і працу Міністэрства юстыцыі.
У Кангрэсе такую ініцыятыву сустрэлі насцярожана. Дэпутаты сумняваюцца як у саміх выдатках, так і ў тым, што адміністрацыя фактычна абыходзіць іх кантроль над ваеннымі дзеяннямі. Ёсць таксама асцярогі, што такі бюджэт значна павялічыць дзяржаўны доўг ЗША ў будучыні.
Чытайце таксама:
ЗША здолелі ўратаваць свайго пілота са збітага самалёта ў Іране. Але быў яшчэ і другі
Кіраўнік Пентагона Хегсэт звольніў начальніка штаба Сухапутных войскаў ЗША
Трамп звольніў генеральнага пракурора. Гэта можа быць звязана са справай Эпштэйна