Жлобінскі мужчына хаваўся ад судовых выканаўцаў у лясным шалашы
Жыхар Жлобіна, які меў вялікія даўгі, спрабаваў схавацца ад судовых выканаўцаў у лесе, паведаміла Галоўнае ўпраўленне юстыцыі Гомельскага аблвыканкама.
Фота ілюстрацыйнае
Пасля атрымання спадчыны ад маці мужчыну дастаўся не толькі дом, але і крэдытныя абавязкі. Аднак ён не спяшаўся іх выплачваць і нават назапасіў новыя даўгі за камунальныя паслугі і сувязь.
У выніку супраць жлобінца было распачата некалькі выканаўчых спраў на суму больш за дзве тысячы рублёў. Але калі выканаўцы пачалі яго шукаць, то мужчына знік. Ад мясцовых жыхароў удалося даведацца, што ён жыве ў лесе.
Аказалася, што мужчына зрабіў там шалаш і абсталяваў яго для доўгага знаходжання: там былі месцы для сядзення, рэчы і вогнішча для абагрэву.
Пасля выяўлення хованкі чалавек патлумачыў, што сам ён жыве за кошт выпадковых падпрацовак, якіх хапае толькі на штодзённыя патрэбы, але не на выплату даўгоў. Таму і вырашыў хавацца.
Пасля размовы з судовымі выканаўцамі мужчына паабяцаў, што ўсё ж такі выплаціць свае запазычанасці.
Чытайце таксама:
Жыхар Гомеля расплаціўся кватэрай за аўтамабільныя штрафы
Жанчына з Гомеля нагаварыла праклёнаў па тэлефоне на 450 рублёў
Дарожныя штрафы будуць спісваць з карткі аўтаматычна. Але не ва ўсіх выпадках
Беларус пакрыў запазычанасць за ўзяты ў растэрміноўку тэлефон толькі пасля канфіскацыі тэлевізара