У Ждановічах пад Мінскам будуць будаваць касцёл з гасцявым домам
У аграгарадку Ждановічы пад Мінскам збіраюцца пабудаваць касцёл Маці Божай — Апякункі сем’яў. Новы храм са званіцай і гасцявым домам з’явіцца побач з заводам «Дарыда» і прыватным сектарам. Цяпер стартавала грамадскае абмеркаванне архітэктурна-планіровачнай канцэпцыі гэтага аб’екта, піша Realt.by.
Касцёльны комплекс размесціцца на пустцы ў раёне скрыжавання вуліц Лінейнай і Лазурнай. Побач з будучым комплексам знаходзяцца чыгунка, прыватны сектар і вытворчыя тэрыторыі кампаніі «Дарыда». Плошча зямельнага ўчастка пад касцёл складае каля 60 сотак.
Заказчыкам новай будоўлі выступае рэлігійная суполка «Рымска-каталіцкая парафія Маці Божай — Апякункі сем’яў у аграгарадку Ждановічы Мінскага раёна». Распрацоўшчыкам стала Творчая майстэрня архітэктара Леаніда Левіна.
На выдзеленым участку плануецца пабудаваць касцёл, плябанію, гасцявы дом для пілігрымаў, званіцу і гаспадарчую пабудову. Унутры будынкаў касцёла, плябаніі і гасцявога дома будзе забяспечана безбар’ернае асяроддзе, а ў гасцявым доме прадугледжаны ліфт.
Грамадскае абмеркаванне пройдзе з 23 сакавіка па 6 красавіка. Экспазіцыя архітэктурна-планіровачнай канцэпцыі прадстаўленая на сайце Мінскага раённага выканаўчага камітэта. Вочная прэзентацыя архітэктурна-планіровачнай канцэпцыі адбудзецца 2 красавіка ў 17.00 у будынку Ждановіцкага выканаўчага камітэта.
Чытайце таксама:
У Нясвіжы збіраюцца рэканструяваць Ратушную плошчу. Ёсць чатыры варыянты, як гэта зрабіць
У Будславе абвясцілі збор буйной сумы на працяг рэстаўрацыі касцёла