Памёр Юрый Абдурахманаў
Пра смерць мастацтвазнаўцы Юрыя Абдурахманава, стваральніка музея Хаіма Суціна ў Смілавічах, паведаміла ў фэйсбуку культуролаг Юлія Чарняўская.
Юрый Абдурахманаў. Фота: facebook.com/urij.abdurahmanov.2025
Юрый Абдурахманаў нарадзіўся ў 1959 годзе. У 1984 годзе скончыў перакладчыцкі факультэт Мінскага інстытута замежных моў. Пэўны час вучыўся і працаваў за мяжой — у Францыі, Бельгіі і Алжыры.
Быў стваральнікам і дырэктарам прыватнай установы культуры «Спадчына і час» у гарадскім пасёлку Смілавічы Чэрвеньскага раёна. Таксама ўваходзіў у апякунскую раду музея «Прастора Хаіма Суціна» ў Смілавічах і стаў ініцыятарам стварэння ў гэтым музеі залы, прысвечанай мастаку Шрагу Царфіну.
Ён быў таксама аўтарам шэрагу кніг і публікацый пра мастакоў Парыжскай школы. У 2016—2017 гадах чытаў лекцыі пра гэту школу на радыё «Культура».
Выступаў куратарам розных выстаў сучасных беларускіх мастакоў у Беларусі, Літве і Францыі. Быў галоўным куратарам выставы «Шрага Царфін. Той, што вёў да святла», якая праходзіла ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі ў 2019—2020 гадах.
Таксама быў адным з заснавальнікаў міжнароднай канферэнцыі «Суцінскія чытанні». Акрамя таго, выступіў аўтарам ідэі, сцэнарыстам і прадзюсарам дакументальнага фільма «Блукаючая зорка са Смілавічаў», прысвечанага мастаку Шрагу Царфіну.
Быў членам ICFA (Міжнароднага камітэта музеяў і калекцый выяўленчых мастацтваў).
«Добры, разумны, іранічны, вельмі прыстойны. Там, дзе ён рос, на ўскраіне імперыі, у маленькім пасёлку, у яго былі добрыя настаўнікі — рэпрэсаваныя кандыдаты і дактары навук. Яны яго шмат чаму навучылі — адвазе, стойкасці, што не адразу было відаць за яго крыху «французістым» шармам, за яго свецкасцю. Я, якая ведала яго хоць і не блізка, але ў цяжкія часы, ведала гэтую адвагу і гэтую прыстойнасць», — напісала Юлія Чарняўская.
Чытайце таксама:
Памёр прафесар Георгій Галенчанка — гісторык, які вярнуў Скарыну сапраўднае імя
Памёр паэт Уладзімір Карызна, аўтар слоў да цяперашняга дзяржаўнага гімна Беларусі