БЕЛ Ł РУС

Гурт «Іванушкі International» стане проста «Іванушкамі», бо «англіцызмы задзяўблі»

9.03.2026 / 22:11

Nashaniva.com

Вядомы расійскі гурт «Іванушкі International» плануе часткова змяніць сваю назву, каб яна адпавядала новаму расійскаму закону, які абмяжоўвае выкарыстанне англійскіх слоў у публічнай прасторы. Пра гэта паведаміў мастацкі кіраўнік гурта Ігар Мацвіенка ў размове з РБК.

«Іванушкі International» падчас канцэрту ў 2021 годзе

Па словах Мацвіенкі, гурт вырашыў падтрымаць новыя правілы і адмовіцца ад англійскага слова International, якое шмат гадоў было часткай назвы калектыву. Ён адзначыў, што ў афіцыйным напісанні гэтае слова плануюць проста выкрасліць або не выкарыстоўваць. Мацвіенка таксама выказаў меркаванне, што ў рускай мове стала занадта шмат англіцызмаў, таму ідэя абмежаваць іх выкарыстанне, на яго думку, правільная.

«Я хачу закрэсліць International, таму што я абсалютна згодны, што англіцызмы задзяўблі», — сказаў Мацвіенка.

Гурт «Іванушкі» быў створаны ў сярэдзіне 1990‑х гадоў і доўгі час выступае пад назвай «Іванушкі International». Цяпер у склад калектыву ўваходзяць Андрэй Грыгор’еў-Апалонаў, Кірыл Андрэеў і Кірыл Турычэнка. Калектыў дагэтуль застаецца папулярным у Расіі і іншых краінах постсавецкай прасторы.

Прычынай змены назвы стаў закон аб выкарыстанні рускай мовы ў публічнай сферы, які часта называюць законам аб абмежаванні англіцызмаў. Яго прынялі ў Расіі 17 чэрвеня 2025 года. Асноўныя палажэнні пачалі дзейнічаць ужо 24 чэрвеня таго ж года пасля афіцыйнага апублікавання, а астатнія нормы ўвайшлі ў дзеянне з 1 сакавіка 2026 года. Закон заклікае выкарыстоўваць рускую мову ў назвах, рэкламе і іншых публічных матэрыялах і абмяжоўвае празмернае ўжыванне англійскіх слоў, калі ёсць адпаведныя рускія варыянты.

У сувязі з гэтым некаторыя кампаніі, брэнды і творчыя калектывы пачалі пераглядаць свае назвы, каб яны адпавядалі новым правілам. 

Чытайце таксама:

У Калінінградзе дэмантавалі рэкламу па-беларуску. Кажуць, што за кампанію з іншай на замежных мовах

«Найгоршы канцэрт у маім жыцці»: беларуска паскардзілася на выступ «Іванушак» у Мінску і набрала 2 мільёны праглядаў

«Яндэкс Музыку» немагчыма слухаць». Беларусы абураныя аб’ёмамі цэнзуры праз расійскі закон аб прапагандзе наркотыкаў

Каментары да артыкула