БЕЛ Ł РУС

Ілюзіяніст Дэвід Каперфільд спыняе свае шоу. Раней ён засвяціўся ў файлах Эпштэйна

8.03.2026 / 18:00

Nashaniva.com

69‑гадовы знакаміты ілюзіяніст Дэвід Каперфільд аб’явіў, што яго апошняе шоу ў MGM Grand у Лас-Вегасе адбудзецца 30 красавіка. Гэтае рашэнне было абвешчана праз некалькі тыдняў пасля таго, як у публічны доступ трапілі дакументы справы Эпштэйна, у якіх згадваюцца сувязі Каперфільда з асуджаным за сэксуальныя злачынствы фінансістам Джэфры Эпштэйнам, піша The Guardian.

Дэвід Каперфільд. Фота: Evan Agostini/Invision/AP, File

MGM Grand паабяцаў аўтаматычнае вяртанне квіткоў, на шоу ілюзіяніста, зарэзерваваных пасля 29 красавіка.

Раней Дэвід Каперфільд ужо сутыкаўся з падобнымі праблемамі: з 2007 да 2009 года ў дачыненні да яго праводзілася крымінальнае расследаванне паводле абвінавачвання ў згвалтаванні жанчыны, якую ён сустрэў на сваім шоу і запрасіў на прыватны востраў на Багамах. Аднак жа Каперфільд ніколі не быў афіцыйны абвінавачаны і неаднаразова заяўляў пра сваю невінаватасць.

Новыя дакументы сведчаць, што ФБР разглядала сувязі Каперфільда з Эпштэйнам. Агенты з Сіэтла ў 2007 годзе адзначалі неабходнасць далейшага расследавання, каб высветліць, ці маглі яны абодва мець «схільнасць да непаўналетніх» і ці перадавалі патэнцыйныя ахвяры адзін аднаму. У матэрыялах таксама згадвалася, што Каперфільд вучыў сваіх супрацоўнікаў знаходзіць маладых дзяўчат у зале і прыводзіць іх за кулісы.

ФБР адзначала, што ў нататніках Каперфільда былі імёны і кантактныя звесткі дзяўчат, а таксама інфармацыя пра інтымныя адносіны з імі. У дакументах таксама згадваецца, што некаторыя з гэтых дзяўчат былі гасцямі Эпштэйна.

Справу супраць Каперфільда ўрэшце тады закрылі, бо, паводле агента ФБР, пракуратура была «слабая і запалоханая фінансавымі магчымасцямі Каперфільда». Пазіцыя ілюзіяніста і яго адвакатаў — што ён быў толькі знаёмым Эпштэйна і ніколі не ўдзельнічаў у неправамерных дзеяннях.

У MGM Grand адзначылі ў прэс-рэлізе, што дзякуюць Каперфільду і яго камандзе за больш за 25 гадоў фантастычных шоу і пажадалі яму поспеху ў наступных праектах. Адвакаты ілюзіяніста пакуль па новых дакументах каментароў не давалі.

Чытайце таксама:

Апублікавалі дакументы па справе Эпштэйна з абвінавачваннямі супраць Трампа

«Нічога не бачыў і нічога дрэннага не рабіў». Біл Клінтан расказаў пра свае сувязі з Эпштэйнам

Хілары Клінтан заклікала Кангрэс выклікаць Трампа для дачы паказанняў па справе Эпштэйна

Прэзідэнт Сусветнага эканамічнага форуму падаў у адстаўку на фоне расследавання яго сувязяў з Эпштэйнам

Біл Гейтс прызнаўся ў шлюбных здрадах з расіянкамі і ў тым, што Эпштэйн яго гэтым шантажаваў

Былы нарвежскі прэм'ер Ягланд зрабіў спробу самагубства на фоне абвінавачання ў сувязях з Эпштэйнам

Каментары да артыкула