БЕЛ Ł РУС

Стала вядома, як Трампа рыхтавалі да прыняцця рашэння атакаваць Іран

1.03.2026 / 00:06

Nashaniva.com

Паводле інфармацыі Reuters са спасылкай на крыніцы, падчас падрыхтоўкі аперацыі супраць Ірана прэзідэнту ЗША Дональду Трампу падрабязна растлумачылі як магчымыя рызыкі, так і патэнцыйныя перавагі такога кроку.

Дональд Трамп. Фота: Chip Somodevilla/Getty Images

Трампу паведамілі пра верагоднасць значных страт сярод амерыканскіх вайскоўцаў і пра пагрозу ўдараў у адказ па базах ЗША ў рэгіёне, у тым ліку такіх, якія немагчыма будзе цалкам адбіць. Асобна абмяркоўваліся рызыкі атак з боку праіранскіх сіл у Іраку і Сірыі. Падкрэслівалася, што нават пры ўзмоцненай прысутнасці ЗША на Блізкім Усходзе сістэмы супрацьпаветранай абароны не гарантуюць стопрацэнтнай бяспекі.

Разам з тым Трампу прадстаўлялі сітуацыю як высокарызыкоўную, але такую, якая можа прывесці да значных геапалітычных зменаў у рэгіёне на карысць Злучаных Штатаў. Адзін з амерыканскіх чыноўнікаў адзначыў, што прэзідэнту апісвалі магчымы «эпахальны зрух» на Блізкім Усходзе ў выпадку поспеху аперацыі.

Напярэдадні прыняцця рашэння Трамп атрымаў шэраг брыфінгаў ад кіраўнікоў сілавых і дыпламатычных структур. У абмеркаваннях удзельнічалі прадстаўнікі разведкі, вайсковага кіраўніцтва і знешнепалітычнага ведамства. Спецыяльна ў Вашынгтон прыбыў камандуючы амерыканскімі сіламі на Блізкім Усходзе, каб далучыцца да нарадаў у Сітуацыйным пакоі Белага дома.

28 лютага Трамп абвясціў пра пачатак маштабнай аперацыі супраць Ірана; разам з ЗША ўдары наносіў і Ізраіль. Таксама ён заклікаў іранцаў скарыстаць момант для зменаў у краіне. Іранскія ўдары ў адказ закранулі шэраг дзяржаў рэгіёна, дзе размешчаныя амерыканскія вайсковыя базы.

Чытайце таксама:

Трамп паведаміў, колькі будзе працягвацца кампанія ў Іране

Стала вядома, як Трамп кіруе вайсковай аперацыяй супраць Ірана

Трамп: Калі мы скончым, вазьміце ўладу над сваім урадам. Ён будзе вашым

ЗША і Ізраіль наносяць масіраваныя ракетныя ўдары па Іране

Каментары да артыкула