БЕЛ Ł РУС

Гурт «Дразды» задумаў тур па Еўропе

25.02.2026 / 22:18

Nashaniva.com

Лідар гурта «Дразды» Віталь Карпанаў размясціў у сваім акаўнце ў Threads аб'яву аб планаванай гастрольнай паездцы ў еўрапейскія краіны.

«Пакуль не ў Мінску… Канцэртны тур па Еўропе», — напісаў Карпанаў.

Як выглядае з прыкладзенага відэа, у планах гурта 5 мая правесці канцэрт у сталіцы Малдовы Кішынёве, 7 і 9 у чарнагорскіх Падгорыцы і Будве, а завяршыць тур 12 мая ў Празе.

Мінулы год для Карпанава і яго гурта быў няпростым. «Дразды», вядомыя сваімі беларускамоўнымі хітамі і лаяльнай да ўлады рыторыкай, раптоўна сутыкнуліся з праблемамі. Нягледзячы на падкрэсленую падтрымку афіцыйнага курсу і нават своеасаблівае «пакаянне» за 2020 год (тады Карпанаў параўнаў пратэстоўцаў з тымі, хто «прыставіў нож да горла кіроўцы», а сябе і іншых спалоханых — з тымі, хто «пукнуў ад страху»), гурт трапіў пад прэсінг.

Прычынай сталі скаргі прарасійскіх актывістаў, сярод іх, Вольгі Бондаравай, якую раздражняла беларуская мова ў творчасці музыкаў. Увесну Карпанаў нават заяўляў пра спыненне дзейнасці гурта, бо ім фактычна забаранілі выступаць у буйных гарадах.

Пазней сітуацыя крыху палепшылася: пасля рэзанансу ў СМІ чыноўнікі нібыта далі дабро на канцэрты ў абласных цэнтрах. Аднак сталіца для «Драздоў» засталася закрытай — у правядзенні канцэрта ў мінскім Палацы спорту ім адмовілі.

Чытайце таксама:

«Дразды» перазапісалі сваю знакамітую песню «Хата бацькоў» на рускай мове

«А ты служыў?» Віталь Карпанаў адслужыў на Раство ў царкве

«Дажыліся. У Беларусі забараняюць выступаць на беларускай»

Пакаянне за 2020‑ы не дапамагло — канцэртаў «Драздам» не даюць. Гурт спыняе выступы, Карпанаў ідзе ў беларускамоўны стэндап

Каментары да артыкула