Пацверджаныя страты Расіі ў вайне супраць Украіны перавысілі 200 тысяч чалавек
Паводле падлікаў журналістаў Рускай службы Бі-бі-сі і выдання «Медыязона» на аснове адкрытых даных, пацверджаныя страты Расіі ў вайне супраць Украіны перавысілі 200 тысяч чалавек. За чатыры гады канфлікту загінулі як мінімум 200 186 расійскіх вайскоўцаў.
Здымак ілюстрацыйны. Фота: Vlad Karkov/SOPA Images/LightRocket via Getty Images
Найбольшая колькасць загінулых прыпадае на добраахвотнікаў — больш за 74 тысяч чалавек. Далей ідуць кантрактнікі, асуджаныя, мабілізаваныя, а ў частцы выпадкаў прыналежнасць да канкрэтнай катэгорыі ўстанавіць не ўдалося.
Больш за ўсё загінулых зафіксавана ў Башкартастане, Татарстане і Свярдлоўскай вобласці. Сярод рэгіёнаў з найбольшымі стратамі таксама Краснадарскі край і Чалябінская вобласць. У Маскве паказчык страт адзін з самых нізкіх у краіне. Найбольш высокія адносныя страты адзначаюцца ў Бураціі і Тыве.
Журналісты адзначаюць, што 2025 год стаў найбольш крывавым для расійскага войска. Хоць афіцыйна пацверджаная лічба загінулых у гэтым годзе ніжэйшая за папярэдні, агульная колькасць неапрацаваных звестак сведчыць, што выніковая лічба можа перавысіць 90 тысяч чалавек.
Паведамляецца таксама, што з пачатку ўварвання загінулі каля сямі тысяч расійскіх афіцэраў, у тым ліку 13 генералаў. Частка з іх была мэтанакіравана ліквідаваная ў Маскоўскім рэгіёне з канца 2024 года.
Міжнародныя арганізацыі і заходнія разведкі падаюць значна большыя ацэнкі агульных страт Расіі — да сотняў тысяч загінулых і больш за мільён параненых. Паводле некаторых звестак, у 2025 годзе штомесячна з поля бою выбывала каля 35 тысяч расійскіх вайскоўцаў. Таксама паведамляецца, што пасля пачатку новага года тэмпы папаўнення расійскай арміі кантрактнікамі могуць быць ніжэйшымі за ўзровень страт.
Чытайце таксама:
У 2025 у Расіі апублікавалі на 40% больш некралогаў па вайскоўцах, чым у 2024
Прасоўванне Расіі ва Украіне практычна спынілася
З 2022 года Расія страціла забітымі 19 генералаў
100 тысяч жыццяў за 1% тэрыторыі. Эксперт — пра тупік, у якім апынулася армія Пуціна