У Беларусі створаць рэестр кампаній, якія папаліся на хабарах
У Беларусі плануюць стварыць адкрыты рэестр юрыдычных асобаў, якія былі прыцягнутыя да адказнасці за дачу хабару, у тым ліку пры ўдзеле ў дзяржаўных закупках. Пра гэта паведаміў начальнік упраўлення па барацьбе з карупцыяй і арганізаванай злачыннасцю Генеральнай пракуратуры Ігар Грэйба, піша Office Life.
Здымак ілюстрацыйны. Фота: «Наша Ніва»
Паводле звестак Генпракуратуры, больш за 70% выпадкаў дачы хабару звязаныя з працэдурамі закупак, выкананнем дамоў і распараджэннем дзяржаўнай маёмасцю. Часцей за ўсё хабар даецца службовым асобам менавіта ў сферы дзяржзакупак.
Яшчэ ў 2021 годзе ў Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях была ўнесена норма, якая прадугледжвае адказнасць юрыдычных асобаў, у інтарэсах якіх даецца хабар. У 2025 годзе да такой адказнасці прыцягнулі 140 кампаній. Агульная сума штрафаў перавысіла 1,7 мільёна рублёў.
Паводле слоў Ігара Грэйбы, такія кампаніі павінны лічыцца нядобрасумленнымі ўдзельнікамі гаспадарчай дзейнасці і на паўгода пазбаўляцца права ўдзельнічаць у дзяржаўных закупках. Каб забяспечыць празрыстасць, плануецца стварыць спецыяльны адкрыты рэестр кампаній, прыцягнутых да адказнасці за дачу хабару. Парадак яго фарміравання зараз распрацоўваецца.
Чакаецца, што рэестр з’явіцца ўжо сёлета. Акрамя таго, у Палаце прадстаўнікоў разглядаецца законапраект, які пашырыць адміністрацыйную адказнасць за дачу хабару не толькі на службовых асобаў кампаній, але і на іншых супрацоўнікаў.
Чытайце таксама:
Былому міністру Брыло інкрымінуюць хабар паўтара мільёна даляраў
«Медыя-Палессе»: Хутчэй за ўсё, затрыманы старшыня Столінскага райвыканкама
Стала вядома, колькі карупцыянераў асудзілі летась і як іх каралі